Бегуноў на пятым Мінскім паўмарафоне было ў два з паловай разы больш, чым на першым

16 сентября 2019

Рэкордныя 40 тысяч бегуноў, якія прыехалі ў беларускую сталіцу амаль з 7 дзясяткаў стран. Паўмарафон у Мінску зноў б'е рэкорды. Сёлета акрамя эмоцый і незабыўных уражанняў на фінішы пераможца чакаў прыз - 60 000 долараў! 

Гэта ўжо пяты паўмарафон. Па традыцыі, зыходзячы з сваіх сіл, можна было выбраць дыстанцыю: 21 кіламетр, 10,5 і самая папулярная - 5,5 кіламетра. Яе адолелі 25 000 аматараў здаровага ладу жыцця. 

Не абышлі ўвагай арганізатары і юных спартсменаў. Асобны забег - для дзяцей. Не менш было сёлета і балельшчыкаў. Яны падбадзёрвалі бегуноў на працягу ўсёй трасы. Тое, што няма нічога немагчымага, чарговы раз даказала двухразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў Людміла Валчок.

У першым Мінскім паўмарафоне ўдзельнічалі 16 000 чалавек. Зараз бегуноў у два з паловай разы больш. Нашы спаборніцтвы адзначаныя сярэбраным лэйблам Міжнароднай лёгкаатлетычнай федэрацыі.