БАТЭ ведае сваіх сапернікаў па групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў

27 августа 2015

БАТЭ зноў там, дзе марыць апынуцца кожны паважаючы сябе футбольны клуб Еўропы. Напярэдадні позна вечарам барысаўчане забяспечылі сабе ўдзел у групавой стадыі самага прэстыжнага турніру Старога Свету - Лізе чэмпіёнаў. Акрамя вялікіх фінансавых бонусаў каманда Аляксандра Ермаковіча атрымае магчымасць зноў пазмагацца з лепшымі клубамі свету. Сапернікі БАТЭ ужо вядомыя. Меш як дзве гадзіны таму ў Манака завяршылася жараб'ёўка турніру.

Пра ўсё падрабязна распавядзе Павел Капуцкі. Чэмпіёны Ірландыі, Венгрыі і вось зараз Сербіі. Шлях БАТЭ ў кваліфікацыі не мог быць простым у прынцыпе - ва ўсіх сапернікаў псіхалогія пераможцаў. Напярэдадні лепшаму клубу Беларусі заставалася зрабіць апошні крок. Утрымаць у Бялградзе перавагу над "Партызанам", здабытую тыдзень таму дома, 1:0. І калі ў сярэдзіне першага тайма вылучыўся Стасевіч, шматлікае стала зразумела. Сербам трэба было забіваць тройчы.

Ён нарадзіўся ў Барысаве і гуляў за БАТЭ, калі каманда ўпершыню выходзіла ў Лігу чэмпіёнаў. Сем гадоў таму. Потым у кар'еры Ігара Стасевіча былі расійская "Волга", "Гомель" і мінскае "Дынама". У гэта міжсезонне паўабаронца вярнуўся дадому і стаў героем матча з "Партызанам".

Сербы змаглі адыграць два мячы і зраўнаваць лік па суме двухраўндавага супрацьстаяння, але гасцявы гол Стасевіча стаў ключавым.

У гэтай лігачэмпіёнскай кампаніі жоўта-сінія ўжо зарабілі 14 мільёнаў 700 тысяч еўра. Кожная перамога на групавым этапе прынясе яшчэ паўтара мільёна. Нічыя ацэньваецца ў 500 тысяч. Усяго ў еўракубках з 2008 года БАТЭ зарабіў 70 мільёнаў еўра. Сума для беларускага футбола фантастычная.

На гэта ў Беларусі здольны толькі БАТЭ - дапамагаць заводу. Звычайна ўсё наадварот: прадпрыемствы фінансуюць спартыўныя каманды. 14 мільёнаў еўра - сума, што больш як удвая перавышае гадавы бюджэт барысаўчан. Зрэшты, клубу прыйдзецца выдаткавацца і на свае патрэбы. У гульне з "Партызанам" траўму атрымаў нападаючы Віталь Радзівонаў. Калі дыягназ - разрыў крыжападобных звязак - пацвердзіцца, ён акажацца па-за футболам да канца сезона.

І сёння ў Манака БАТЭ даведаўся пра сваіх сапернікаў па групавым раўндзе. Мы трапілі ў квартэт І. Італьянская "Рома". "Баер" з Леверкузена. І, увага, другі раз у гісторыі ў Беларусь прыедзе адна з лепшых каманд стагоддзя - "Барселона".

У 2011 годзе барысаўчане двойчы моцна саступілі каталонцам з агульнай розніцай мячоў 0:9. Тады галоўным трэнерам быў Віктар Ганчарэнка. У Аляксандра Ермаковіча ёсць шанц палепшыць статыстыку.

Усе шэсць матчаў кваліфікацыі і жараб'ёўку асноўнага раўнда ў прамым эфіры паказвалі каналы Белтэлерадыёкампаніі. На групавой стадыі нічога не зменіцца. З пачатку восені і да пачатку зімы глядзіце самыя яркія паядынкі еўрапейскага футбола. БАТЭ зноў стаў удзельнікам вялікага свята пад назвай Ліга чэмпіёнаў.