БАТЭ супраць "Сараева". На "Барысаў-Арэне" наш спартыўны аглядальнік

15 Жніўня 2019

Вялікі дзень для прыхільнікаў футбола сёння. У рамках трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы праходзяць гульні ў адказ. Салігорскаму "Шахцёру" пасля паражэння ад "Тарына" ў Італіі, 0-5, ступіць у раўнд плэй-оф будзе  вельмі складана, а вось БАТЭ тыдзень таму перамог 2-1 і сёння ў Барысаве  скіраваны замацаваць вынік. 

На матчы супраць "Сараева" чакаецца аншлаг, на "Барысаў-Арэне" ўжо працуе наш спартыўны аглядальнік Станіслаў Ліпскі. 

Чакаем выхаду БАТЭ ў наступны раўнд. Чакаю гэтага я, балельшчыкі, настроены на поспех футбалісты, тым больш стратэгічная перавага здабыта, барысаўчане двойчы вылучыліся ў гасцях. Але сёння, падкрэслівае Аляксей Бага, папярэдні вынік трэба забыць.

Галоўны трэнер БАТЭ напярэдадні на перадматчавай прэс-канферэнцыі  чарговы раз звярнуў на гэта ўвагу. Так, перамога ў гасцях 2-1 -  гэта добра, але балканскія каманды вылучаюцца няўступлівым байцоўскім характарам, таму сёння ўсё пачнецца з чыстага ліста.

Зразумець Аляксея Багу можна,  усё ж клуб "Сараева" з вялікай гісторыяй. Ён заснаваны быў у 1946 годзе, з'яўляецца дзеючым чэмпіёнам Босніі і Герцагавіны. У трох гульнях бягучага чэмпіянату каманда атрымала дзве перамогі і адзін раз згуляла ўнічыю. Настрой у апанентаў БАТЭ будзе рашучым, але, нягледзячы на гэта, беларускія балельшчыкі ўпэўнены ў поспеху сваёй каманды, уласна як і букмекеры.

Да матча застаецца менш за гадзіну - трыбуны працягваюць запаўняцца, чакаецца аншлаг,  +17 на тэрмометры. Ужо вядомы стартавы склад. Адзначу,  у ростары БАТЭ і Ігар Стасевіч, і Станіслаў Драгун, вароты абараняе Антон Чычкан. Прамая трансляцыя сустрэчы вас будзе чакаць на "Беларусь 5". Пачатак у 20:00. Не прапусціце - разам падтрымліваем БАТЭ.