БАТЭ прымае данецкага Шахцёра

21 октября 2014

Увага ўсіх беларускіх аматараў футбола сёння зноў прыкавана да Барысаў-Арэны. У рамках трэцяга тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў у госці да БАТЭ прыехала адна з найбагацейшых і найвядомейшых каманд Усходняй Еўропы - данецкі Шахцёр. Такім чынам, літаральна праз 15 хвілін стартуе матч БАТЭ - Шахцёр. Прамую трансляцыю паядынку вядзе тэлеканал Беларусь 2.



А ў гэтыя хвіліны ў Барысаве працуе наш карэспандэнт Станіслаў Ліпскі, зараз ён на прамой сувязі са студыяй. Давялося працаваць тут два тыдні таму, таксама на беларуска-ўкраінскім футбольным супрацьстаянні, праўда, на ўзроўні нацыянальных зборных, і тым самым аб'ектыўна ацаніць перадматчавы антураж. Дык вось, сёння ён нашмат ярчэйшы. Пакуль гледачоў на арэне мала, але на падыходах да стадыёна вельмі шумна. Аншлаг на трыбунах Барысаў-Арэны мы ўсё ж убачым: паводле афіцыйных звестак, у касах стадыёна за суткі да паядынку БАТЭ супраць Шахцёра заставалася ўсяго тысяча білетаў.



Што датычыцца самога матча, дык беларусам, безумоўна, варта асцерагацца свайго сённяшняга апанента - аднаго з флагманаў украінскага футбола, у камандзе выступаюць 13 бразільцаў, таму гаварыць пра патэнцыял каманды ў атацы не варта. БАТЭ сёння зноў будзе гуляць другім нумарам, надаваць максімум увагі абароне. Менавіта гэтая лінія ў адсутнасць праз траўму асноўнага цэнтральнага абаронцы жоўта-сініх Ягора Філіпенкі найболей слабая.



Нават нягледзячы на хатнюю вікторыю БАТЭ ў другім туры над іспанскім Атлетыкам, сёння, на думку букмекераў, фаварытам лічыцца ўкраінскі клуб: на перамогу Шахцёра яны прымаюць стаўкі з каэфіцыентам 2,05. Другім вынікам сустрэчы бачаць нічыю, у гэтым выпадку свой выйгрыш можна патроіць, а вось на вікторыю барысаўскай каманды каэфіцыент 3,75.



Пасля двух тураў у нашай падгрупе Н дыспазіцыя выглядае наступным чынам: Порту з чатырма баламі - першы, на другім месцы беларускі клуб - тры ачкі, Шахцёр з двума пакуль трэці, прычым аранжава-чорныя яшчэ не перамагалі, хоць у папярэдняй хатняй гульне супраць драконаў з Партугаліі за дзве хвіліны да фінальнай сірэны вялі 2:0, але прымудрыліся прапусціць двойчы і згуляць унічыю. Таму з матывацыяй сёння ў гарнякоў усё ў парадку. Нагадаем: у плей-оф выйдуць дзве лепшыя каманды групы.



У наступным туры ўжо барысаўчане адправяцца ў госці да Шахцёра, менавіта пасля гэтых дзвюх гульняў можна будзе гаварыць аб працягу еўрасезона ўвесну. Прынамсі, чатыры ачкі з шасці магчымых амаль гарантуюць БАТЭ ўдзел у плей-оф Лігі Еўропы.



І гэта толькі адна з прычын, чаму цікавасць да матча з боку беларускіх аматараў футбола неверагодная: сёння ў Барысаве балельшчыкі БАТЭ з усіх рэгіёнаў краіны. Улічваючы гэты факт, Беларуская чыгунка чарговы раз пайшла насустрач клубу і арганізавала дадатковы электрацягнік, з мясцовага чыгуначнага вакзала ў сталіцу ён адправіцца ў 00:10. Такім чынам, да матча застаюцца лічаныя хвіліны, разам хварэем за БАТЭ, нагадаем, прамая трансляцыя сустрэчы на тэлеканале Беларусь 2 стартуе ў 21:35.