БАТЭ рыхтуецца да сустрэчы з "Відзі" ў Лізе Еўропы

29 ноября 2018

Для дзвюх каманд гульня важная. На "Барысаў-Арэне" ўжо знаходзіцца наш карэспандэнт Павел Капуцкі. Ці не адаб'юцца халады на зыходзе гульні?

І не ў такі мароз гулялі. Паядынак сапраўды не адменяць. Па рэгламенце УЕФА перанос можа быць у выпадку мінус 17, а ў Барысаве зараз не халадней за мінус 10. Іншая справа, што газон у такіх умовах пакутуе. Каб яго паберагчы, "жоўта-сінія" трэніраваліся на полі іншага свайго стадыёна пад назвай "Гарадскі".

У Вышэйшай лізе Беларусі БАТЭ застаецца згуляць адзін матч: у нядзелю ў Жодзіне супраць "Тарпеда". Галоўны ўнутраны трафей заваяваны датэрмінова. Апошняя задача на гэты сезон - выхад у плэй-оф Лігі Еўропы. З "Відзі" БАТЭ гуляў у верасні ў Венгрыі і перамог 2:0. З тых часоў у праціўніка дзве перамогі ў еўракубку, а ў "жоўта-сініх" тры паражэнні. Хутчэй за ўсё, гаспадары пойдуць у атаку, а госці згуляюць ад абароны.

На "Барысаў-Арэне" ўжо запалілі пражэктары. Хутка каманды выйдуць на размінку. З-за траўм БАТЭ не дапамогуць сербскі абаронца Мілунавіч і фінскі форвард Туомінен. Але букмекеры ўсё роўна больш вераць у гаспадароў.

Таму што БАТЭ сёння патрэбна толькі перамога, а "Відзі" можа задаволіць і нічыя. Тры ачкі за тур да канца выведуць нас на запаветнае другое месца, калі, вядома, у паралельнай сустрэчы ПАОК у Лондане не абгуляе "Чэлсі".

БАТЭ і "Відзі" гулялі ў еўракубках тройчы, і пакуль венгры не перамагалі. Абедзвюм камандам ёсць за што змагацца: вясновая стадыя Лігі Еўропы - гэта, па-першае, прэстыж, па-другое, грошы. Таму, якім бы халодным не было паветра, на полі будзе горача. Пачатак матча ў 20:55. Прамая трансляцыя з Барысава на "Беларусь 5".