БАТЭ - "Астана". Вырашальны паядынак за выхад у групавую стадыю Лігі Еўропы

29 августа 2019

Барысаўскі БАТЭ сёння паспрабуе стварыць сапраўдны цуд! Менш як праз гадзіну на "Барысаў-Арэне" пачнецца вырашальны паядынак за выхад у групавую стадыю Лігі Еўропы. У саперніках у чэмпіёна Беларусі - Астана. На прамую сувязь з намі выходзіць наш карэспандэнт Ганна Эйсмант (прамое ўключэнне). 

Добры вечар! Скажу так, сапраўдныя балельшчыкі БАТЭ вераць і ўсяляк падбадзёрваюць свой любімы клуб, ды і ўсім прыхільнікам футбола ў гэты вечар варта рабіць тое ж самае, таму што наш чэмпіён адзіны, хто змагаецца да гэтага часу на еўракубкавай арэне, і таму ўжо заслугоўвае як мінімум павагі! 

Ніякай асуджанасці няма пасля першага матчу - аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага. І адыграць 0:3 рэальна, успамінаецца і леташні паўфінал Лігі чэмпіёнаў, у якім "Ліверпуль" пасля гасцявых 0:3, у хатнім матчы прайшоў "Барселону". 

Футбольная гісторыя, сапраўды, ведае выпадкі неверагодных камбэкаў - Аляксея Багу, хутчэй, натхніў не ліверпульскі подзвіг, а той, у якім ён сам непасрэдна прымаў удзел - калі наша моладзевая зборная ў матчы ў адказ з палякамі адыгралася і перамагла 4:0 і выйшла на чэмпіянат Еўропы.

Балельшчыкі гэта таксама вельмі добра памятаюць і, мабыць, і таму сёння на "Барысаў-Арэне" распрададзена больш як 11 тысяч білетаў.

І нагадваем, тэлеканал "Беларусь 5" будзе весці прамую трансляцыю матчу БАТЭ - "Астана". Паядынак пачнецца ў 20:00. Я упэўненая, пазітыўныя флюіды і вашы шчырыя пажаданні нават праз экран тэлевізара даляцяць да "Барысаў-Арэны", сёння хлопцам вельмі патрэбна падтрымка. Хоць па настроі хлопцаў і трэнера відаць - яны ў сябе вераць!