Аўтографы вядучых гульцоў БАТЭ стануць талісманам для юных футбалістаў

24 мая 2015

Аўтографы вядучых гульцоў БАТЭ стануць талісманам для юных футбалістаў барысаўскага клуба на спаборніцтвах у Берліне. Менш за 2 тыдні застаецца да міжнароднага турніру па футболе - кульмінацыі маштабнага сацыяльнага праекта кампаніі "Газпрам" "Футбол для дружбы". На аўтограф і фотасесію ў футбольным манежы ў Мінску не толькі з беларускімі ўдзельнікамі гэтай праграмы, але і са сваімі балельшчыкамі прыйшлі адны з лепшых футбалістаў клуба. Паводле традыцыі, ім падарылі бранзалеты дружбы - гэта сімвал праекта. Для юных гульцоў гэтая сустрэча, безумоўна, стане стымулам паказваць яшчэ лепшую гульню на полі. Бо сапернікамі юнацкай каманды БАТЭ на турніры ў сталіцы Германіі стануць каманды з 23 краін свету.

У Берліне юных гульцоў чакае асаблівы падарунак ад арганізатараў праекта - білеты на фінальны матч Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Больш за тое, хлопцам разам з аднагодкамі з іншых краін трэба будзе выбраць уладальніка Кубка "Дзевяці каштоўнасцяў" праекта. Ім можа стаць адзін з 32 клубаў Лігі. Галоўныя крытэрыі выбару - наяўнасць дабрачынных і сацыяльных праграм.