Арына Сабаленка выйграла турнір у Лінцы
15 ноября 2020
Трэці трафей для Арыны Сабаленкі сёлета. Першая ракетка Беларусі перамагае на турніры ў Лінцы. У вырашальным паядынку Сабаленка сустракалася з партнёркай па парным разрадзе бельгійкай Эліз Мертэнс. Разам яны, дарэчы, менш чым месяц таму выйгралі спаборніцтвы ў Остраве ў парным разрадзе. Зараз жа чарговы раз апынуліся па розныя бакі сеткі. Сабаленка была пасеяна на мясцовым турніры пад першым нумарам і ў выніку сваю перавагу пацвердзіла. Першы сэт выдаўся напружаным, але застаўся за нашай тэнісісткай - 7:5. У другой партыі Арына была больш пераканаўчая - 6:2. Трыумф у Аўстрыі дазволіць Сабаленцы вернуцца ў топ-10 у абноўленым рэйтынгу WТА. У Лінцы яна заваявала 280 ачкоў і 20 тысяч долараў прызавых.













