Арына Сабаленка другі год запар выйграла тэнісны турнір ва Ухані

28 сентября 2019

Пераможныя навіны прыйшлі сёння з тэнісных кортаў ва Ухані. Арына Сабаленка зноў выйграла гэты прэстыжны турнір і абараніла свой тытул. У фінале ў трохсэтавым супрацьстаянні беларуска перамагла амерыканку Элісан Рыск. Паядынак працягваўся амаль дзве гадзіны. Пасля ўпэўненай перамогі Арыны ў першым сэце амерыканка, сабраўшы ўсе сілы, здолела ўсё ж выйграць другую партыю. Але ў трэцім, вырашальным сэце была поўнасцю разбіта пад націскам Сабаленкі. Арына гуляла моцна і прыгожа.

З перамогай нашу тэнісістку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі: "Падчас спаборніцтваў у матчах з лідарамі сусветнага тэніса ты ярка праявіла свае чэмпіёнскія амбіцыі. У гэтыя дні балельшчыкі атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад твайго лепшага тэніса - тэхнічнага, магутнага, бліскучага. Няхай пераможны настрой і ўпартая праца выведуць цябе на новы ўзровень і дазволяць упэўнена замацавацца сярод наймацнейшых тэнісістак свету". Кіраўнік дзяржавы пажадаў Арыне Сабаленцы моцнага здароўя і поспехаў на гэтым шляху.

Шлях да гэтай перамогі быў няпростым. Крок за крокам наша Арына перамагала нязручных саперніц, сярод якіх два гульцы з топ-10, у тым ліку і першая ракетка свету. Але дзякуючы характару і ўпэўненай гульні Сабаленцы ўдалося, як і год таму, зноў забраць гэты трафей у свае рукі.

Эмоцыі чэмпіёнкі і самыя яркія моманты фінальнага матча - у рэпартажы Алены Гарэльчык.

Свой шлях да фіналу Арына Сабаленка пачала з перамогі ў беларускім дэрбі. На гэты раз зрынутай аказалася Аляксандра Сасновіч. Пасля была Даніэль Роўз-Колінз, восьмая ў свеце Кікі Бертэнс, далей Алена Рыбакіна. Нарэшце, у паўфінале Арына, як і год таму, на гэтай жа стадыі перамагла Эшлі Барці. Дэжавю? З адным выключэннем: на гэты раз Сабаленка была мацнейшай за першую ракетку свету.

Ва Ухань Сабаленка прыехала ў рангу дзеючай чэмпіёнкі, а, як гавораць, абараніць тытул больш складана, чым яго заваяваць. Перашкодзіць гэта зрабіць Арыне збіралася амерыканка Элісан Рыск - 35-ая ракетка свету.

На корце Сабаленка і Рыск да гэтага матча перасякаліся двойчы. Абодва разы перамагала Арына, але лёгкімі гэтыя паядынкі назваць нельга, усе яны выліваліся ў тры сэты. І на гэты раз Арына пачала ўпэўнена, з лёгкасцю брала свае падачы, а на падачах саперніцы была за крок ад брэйкаў. Неўзабаве гэта і адбылося. Сабаленка павяла 5:1, на імгненне страціла канцэнтрацыю, дазволіўшы саперніцы наблізіцца ў ліку, але перамогу ў сэце ўсё ж не аддала. 6:3.

У фінале лёгкіх матчаў і слабых саперніц не бывае. У другім сэце Рыск здолела ўзяць усяго адну падачу Сабаленкі, але і гэтага хапіла для таго, каб вярнуць інтрыгу ў паядынак. Праўда, зусім хутка стане зразумела, чаго каштаваў для Рыск гэты брэйк. Пасля матча яна прызнаецца: Арына яе проста выматала і сіл на трэці сэт практычна не засталося.

Вырашальная партыя атрымалася імклівай. Амерыканка практычна нічога не змагла супрацьпаставіць магутнай і разумнай гульні Арыны. Заведзеная такім тэнісам публіка ўсё гучней падтрымлівала нашу тэнісістку і літаральна ўзарвалася, калі Сабаленка адным ударам атрымала перамогу з першага матчбола. Гэта быў яе 18 эйс у матчы.

Першай пасля перамогі Арына павіншавала сваю каманду. Толькі ім вядомая сапраўдная цана гэтага трыумфу. А перамога ва Ухані сапраўды грандыёзная. Арына Сабаленка другая пасля Петры Квітавай у гісторыі тэнісістка, якой удалося абараніць тут тытул.

Гэтая перамога дазволіла Арыне абараніць 900 ачкоў. У панядзелак у абноўленым рэйтынгу ВТА наша тэнісістка застанецца на 14-й пазіцыі. Разам з тытулам Арына зарабіла і салідныя прызавыя - больш за паўмільёна долараў. І набыла не адну сотню новых балельшчыкаў.

Следам за адзіночкай Арына разам з Эліз Мертэнс гуляла ў фінале парнага разраду. На жаль, узяць яшчэ адзін тытул не ўдалося. Затое ў абноўленым парным рэйтынгу ў панядзелак Арына паднімецца на рэкордны для сябе пяты радок.