Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры ўвойдзе ў топ-100 сусветнага тэніснага рэйтынгу

15 октября 2017

Гэта беларускае імя ўварвалася ў сусветны спорт і сур'ёзна заявіла пра сябе ў эліце сусветнага тэніса. Годны фінал сёння правяла наша Арына Сабаленка на тэнісным турніры WTA ў кітайскім горадзе Цяньцзінь. 19-гадовая беларуска саступіла ў складаным фінальным паядынку экс-першай ракетцы свету Марыі Шарапавай. У WTA наша маладая зорка стала выступаць толькі з мінулага года, тады як Марыя Шарапава - уладальніца 36 трафеяў спаборніцтваў серыі WTA. Для расіянкі гэта быў першы фінал пасля дыскваліфікацыі.

Балельшчыкі дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі маглі назіраць спаборніцтва ў прамым эфіры на тэлеканале "Беларусь 5". Матч атрымаўся неверагодна эмацыянальным і доўжыўся больш за дзве гадзіны. У першым сэце Арына вяла 4:1, але вопыт Шарапавай адыграў сваю ролю, у выніку 7:5. У другой партыі Сабаленка таксама дыктавала расіянцы сваю гульню і была ўсяго за гейм ад перамогі.

І ўсё ж Шарапавай удалося павярнуць гульню на сваю карысць. Зыход вызначыўся на тай-брэйку, які атрымаўся не меней напружаным і завяршыўся з лікам 10:8 на карысць расійскай спартсменкі. Што ж, годная гульня і беспрэцэдэнтная воля да перамогі. Адразу пасля матча мы звязаліся з Арынай па тэлефоне. Яна падзялілася ўражаннямі ад першага фіналу ў кар'еры.

Дарэчы, падчас цырымоніі ўзнагароджання майстэрства маладой Сабаленкі адзначыла і Марыя Шарапава.

Па выніках турніру Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры ўвойдзе ў топ-100 сусветнага рэйтынгу і стане першай ракеткай Беларусі. Адзначым, шмат у чым дзякуючы паспяховаму выступленню Арыны наша зборная ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў фінал Кубка Федэрацыі. Галоўны трафей самых прэстыжных спаборніцтваў сярод нацыянальных каманд беларускі аспрэчаць са зборнай ЗША на хатняй "Чыжоўка-Арэне" ўжо ў сярэдзіне лістапада.