Арына Сабаленка ва ўпартай барацьбе саступіла другой ракетцы свету Каралін Вазняцкі

30 июня 2018

Фінал турніру WTA супраць другой ракеткі свету і найвышэйшая пазіцыя ў рэйтынгу ў кар'еры. Арына Сабаленка падарыла беларускім балельшчыкам сапраўдны тэнісны трылер, гуляючы на роўных з больш тытулаванай і дасведчанай суперніцай, але ўсё-такі саступіла Каралін Вазняцкі.

Да фіналу турніру ў Істбарне 20-гадовая беларуска прайшла праз 5 найцяжэйшых трохсэтавых матчаў у адзіночным разрадзе, у тым ліку ўпершыню ў кар'еры ўзяўшы верх над прадстаўніцай топ-10 Каралінай Плішкавай. Сярод зрынутых суперніц апынуліся Юлія Гергес і Агнешка Радваньска. Прагрэс тэнісісткі здарыўся шмат у чым дзякуючы супрацоўніцтву з новым трэнерам Дзмітрыем Турсунавым, які не раз знаходзіў патрэбныя словы падчас матчаў. Больш за тое, на брытанскіх кортах Арына гуляла яшчэ і ў парным разрадзе, дзе дайшла да паўфіналу, які згуляла перад сустрэчай з Каралін Вазняцкі. Але нават нягледзячы на стомленасць, фізічна ў фінале Сабаленка выглядала цудоўна.

Фінал Істбарна стаў для Сабаленкі другім у сезоне, трэцім у кар'еры і першым у катэгорыі Прэм'ер. Матч супраць Каралін Вазняцкі, нягледзячы на розніцу тэнісістак у рэйтынгу, атрымаўся сустрэчай роўных суперніц. Па ходзе турніру спецыялісты адзначалі: Сабаленка пачала гуляць больш варыятыўна. Не раз у фінальным матчы Арына брала падачу Вазняцкі. І нават мела два сэтболы. На жаль, у гэтым выпадку сыграў вопыт 28-гадовай датчанкі - яна выйграла першы сэт 7:5. У другім дзяўчаты дагулялі да тай-брэйка, у якім спачатку беларуска мела перавагу 5:2, але датчанка прымудрылася выйграць пяць розыгрышаў запар і ўзяць свой чарговы тытул.

У абноўленым рэйтынгу WTA першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка паднімецца на 32 радок. І на наступным тыдні возьме старт у трэцім у сезоне турніры "Вялікага шлема" Уімблдоне.