Арына Сабаленка ў трэцім крузе Індыян-Уэлса

10 марта 2018

Арына Сабаленка без праблем выйшла ў трэці круг тэніснага турніру катэгорыі Premier у Індыян-Уэлса.

Беларуская тэнісістка ў двух сэтах 6:4, 6:3 выйграла ў вопытнай Святланы Кузняцовай, якая займае 18-ы радок сусветнага рэйтынгу. У матчы за выхад у наступную стадыю Сабаленка сустрэнецца з тэнісісткай з Чэхіі Маркетай Вандрушовай. Адразу пасля паядынка адзіночнага разраду Сабаленка згуляла і матч у пары. Разам з Вікторыяй Азаранкай у 1/16 фіналу беларускі супрацьстаялі амерыканцы Слоан Стывенс і канадцы Эжэні Бешар. Атрымаўшы перамогу на тай-брэйку ў першым сэце 7:6, у другім нашы тэнісісткі саступілі 2:6, але перамаглі саперніц у трэцяй партыі 10:7. У наступным раўндзе Сабаленка і Азаранка згуляюць з першымі сеянымі расіянкамі Аленай Веснінай і Кацярынай Макаравай.