Арына Сабаленка ў паўфінале тэніснага турніру катэгорыі "Прэм'ер"

24 Жніўня 2018

Радасныя навіны прыходзяць з амерыканскага Нью-Хэйвена. Арына Сабаленка ў паўфінале тэніснага турніру катэгорыі "Прэм'ер".

У 1/4-й фіналу турніру з прызавым фондам амаль 800 тысяч долараў беларуска супрацьстаяла Беліндзе Бенчыч са Швейцарыі. Гэта была першая вочная сустрэча дзяўчын на корце. Матч працягваўся ўсяго 63 хвіліны. У першым сэце Бенчыч на роўных змагалася з Сабаленкай да ліку - 3:3. У другой партыі - да лічбаў 2:2. Упэўненая перамога Арыны - 6:3, 6:2. Адзначым, беларуска выканала 4 падачы навылет і рэалізавала тры брэйк-пойнты з сямі. І ўжо вядома, што дзякуючы гэтаму выніку Сабаленка паднімецца як мінімум да 24-га радка ў сусветным рэйтынгу WТА.

Арына Сабаленка, 25-я ракетка свету: "Я была настолькі стомленая пасля папярэдняга матча. У мяне проста не было сіл на тое, каб рабіць нешта лішняе, акрамя як гуляць. Я заставалася на корце спакойнай. І, пэўна, гэта і быў ключ да поспеху ў сённяшнім паядынку. За апошні час мой узровень тэніса намнога вырас - дзякуй трэнеру. Наперадзе яшчэ адзін цяжкі матч. Але пасля такой колькасці трохсэтавых сустрэч я гатовая да ўсяго. Мне ўсё роўна, супраць каго я гуляю. Проста выходжу на корт і імкнуся паказаць свой лепшы тэніс".

За выхад у фінал прэстыжных спаборніцтваў Арына Сабаленка паспрачаецца з 9-й ракеткай свету немкай Юліяй Гёргес. Матч пройдзе ў вячэрняй сесіі. Арыентыровачны пачатак сустрэчы - 9 гадзін. Прамая трансляцыя на "Беларусь 5". Саперніцы ўжо сустракаліся ў сваёй гісторыі. Прычым гэта было зусім нядаўна. У чэрвені на травяным турніры ў брытанскім Істбурне. Трэба адзначыць, што тады выйграла беларуска - 1:6, 6:4, 6:4.