Арына Сабаленка - у фінале тэніснага турніру ў Цяньцзіне

14 октября 2017

Арына Сабаленка - у фінале тэніснага турніру ў Цяньцзіне. Прызавы фонд спаборніцтваў - больш як 420 тысяч долараў. У барацьбе за тытул маладая беларуска сустрэнецца з экс-першай ракеткай свету Марыяй Шарапавай. У Кітаі Арына выступала і ў парным разрадзе, дзе дайшла да паўфіналу. Вынік, які дазваляе не сумнявацца: Сабаленка сёння ў выдатнай форме. Алена Гарэльчык аб перадматчавых раскладах.

Красавік 2017-га, "Чыжоўка-Арэна", паўфінал Кубка Федэрацыі. Ад выніку чацвёртага матча, дзе Арына Сабаленка гуляе супраць Вікторыі Голубіч, шмат у чым залежаў зыход усёй сустрэчы, а значыць, і лёс пуцёўкі ў фінал. У барацьбе з суперніцай і сваімі нервамі Сабаленка атрымлівае перамогу і выводзіць зборную Беларусі ў фінал Кубка Федэрацыі. Упершыню ў гісторыі ў дэбютным для нас годзе ў сусветнай групе.

Сілавы і агрэсіўны тэніс Сабаленкі будуць параўноўваць з манерай гульні Серэны Уільямс, а сама Арына тады прызнаецца: ёй больш імпануе Марыя Шарапава. Праз паўгода пасля гэтага інтэрв'ю тэнісісткі сустрэнуцца ў фінале турніру катэгорыі International у кітайскім Цяньцзіне.

Турнір у Цяньцзіне атрымаўся прадстаўнічым. Cярод сеяных - Петра Квітава, Дона Векіч, Леся Цурэнка, Шуай Пенг. Дарэчы, менавіта кітаянку Шарапава і абгуляла ў паўфінале. Сабаленка на гэтай стадыі за 52 хвіліны справілася з Сарай Эрані, аддаўшы суперніцы ўсяго чатыры геймы - 6:1, 6:3.

Арыне Сабаленцы ўсяго 19. У дарослых турнірах яна гуляе толькі год. І гэта першы для тэнісісткі фінал у ВТА-туры. Сабаленка на ўздыме - гульнявым і эмацыйным, і гэта асабліва важна. Бо да фіналу Кубка Федэрацыі супраць каманды ЗША засталося менш за месяц. Не менш матываваная і Шарапава. Экс-першая ракетка свету спрабуе вярнуцца на вяршыню рэйтынгу, але на пяці апошніх стартах даходзіла хіба што да 1/8. Букмекеры аддаюць перавагу расіянцы, беларусы вераць у Сабаленку. Бо галоўнае, што ёсць у маладой тэнісісткі, - гэта характар, яна баец.

Па-за залежнасцю ад зыходу паядынку Сабаленка ў панядзелак стане першай ракеткай Беларусі. Упершыню ў кар'еры яна ўвойдзе ў топ-100. Ці атрымаецца маладой беларусцы з першага раза выйграць першы тытул ВТА, даведаемся з прамой трансляцыі на "Беларусь 5", якая пачнецца заўтра ў 9 раніцы.