Арына Сабаленка - у эліце сусветнага тэніса

26 августа 2018

Як на крылах працягвае ўзлятаць уверх наша Арына Сабаленка ў эліце сусветнага тэніса.

Самая прагрэсуючая спартсменка ў туры жаночай тэніснай асацыяцыі Арына выйграла свой першы тытул ВТА. Зараз яна 20-я ў сусветным рэйтынгу. Яго апублікуюць у панядзелак. Усё здарылася ў амерыканскім Нью-Хейвене, дзе беларуска ў фінале абгуляла іспанку Санчэс Навара. Заўважу, яшчэ летась "Галоўны эфір" гаварыў з Сабаленкай як з гульцом другой сотні рэйтынгу! А зараз дэбютантка ў топ-20 ужо выдатна ведае, як абгульваць лепшых тэнісістак планеты. У яе пяць вікторый над спартсменкамі з першай дзясяткі. Так што, чакаем працягу, а пакуль успомнім прыемныя кадры першай вялікай асабістай перамогі Арыны.

Сабаленка стала трэцяй беларускай пасля Вікторыі Азаранкі і Наталлі Зверавай, хто выйграваў турніры ВТА і стаяў так высока ў рэйтынгу. А ўжо з заўтрашняга дня кульмінацыя тэніснага сезона ў Амерыцы - US Open. У асноўную сетку прабіліся адразу чатыры беларускі. Акрамя Арыны Сабаленкі, гэта Аляксандра Сасновіч, Вікторыя Азаранка і Вера Лапко. Так што, прадчуваем добрыя вячэрнія і нават начныя эфіры ля экранаў тэлевізараў.