Арына Сабаленка - пераможца турніру ва Ухані

28 сентября 2019

Пачнём выпуск з галоўных спартыўных навін апошняй гадзіны. Трыумфальнае выступленне першай ракеткі Беларусі. Арына Сабаленка перамагла на прэстыжным міжнародным турніры катэгорыі "Прэм'ер" у кітайскім Ухані з прызавым фондам больш як 2 з паловай мільёны долараў.

У фінале беларуска абгуляла прадстаўніцу ЗША Элісан Рыск. Сустрэча доўжылася амаль 2 гадзіны. Наша Арына ўпэўнена ўзяла першы сэт з лікам 6:3. У другой партыі саперніца перахапіла ініцыятыву і перамагла з люстраным вынікам. А ў вырашальным сэце 14-ая ракетка свету паказала сапраўдны клас. Сабаленка згуляла вельмі моцна і ўпэўнена, аддаўшы Рыск толькі адзін гейм - 6:1. І перамагала беларуска пры абсалютнай падтрымцы трыбун!

З выдатнай перамогай Арыну Сабаленку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

Такім чынам, Арына абараніла тытул. Нагадаем, летась Сабаленка таксама святкавала трыумф ва Ухані. Ніхто не перамагаў на гэтым турніры двойчы запар. Наша спартсменка ў паядынку з Рыск выканала 18 падач на вылет, а поспех дазволіў ёй прадоўжыць выйгрышную серыю ва Ухані да 12 матчаў запар. У сукупнасці гэта чацвёрты тытул беларускі на турнірах пад эгідай ВТА. 

У анлайн-рэйтынгу ВТА Арына захавала месца ў ТОП-15. Але адпачываць беларусцы некалі. Ужо зараз наша спартсменка змагаецца за другі тытул ва Ухані. У турніры дуэтаў разам з бельгійкай Эліз Мертэнс Сабаленка гуляе супраць кітайска-расійскай пары Інь-Інь Дуань / Вераніка Кудзярметава.