Апеляцыйны камітэт Беларускай федэрацыі футбола адхіліў скаргу ФК "Крумкачы"

6 марта 2018

Казка, у якой можа быць нешчаслівы фінал: у лістападзе 2015 года прыватны футбольны клуб "Крумкачы" сенсацыйна ўварваўся ў элітны дывізіён краіны, дзе правёў два паўнавартасныя сезоны. Каманда перыядычна здзіўляла вынікамі. Напрыклад, летась у Барысаве з лікам 3:2 быў абыграны чэмпіён - БАТЭ. А сёння апеляцыйны камітэт Беларускай федэрацыі футбола адхіліў скаргу "крумкачоў" на адмову ў атрыманні ліцэнзіі на ўдзел у будучым чэмпіянаце Вышэйшай лігі. Каманда пратэрмінавала тэрміны падачы неабходных дакументаў для праходжання ліцэнзавання, а таксама падала іх не ў поўным аб'ёме. Гэта пагражае клубу пазбаўленнем прафесійнага статусу, а разам з ім – пераводам у Другую лігу. Такое суровае рашэнне прынята з-за сістэматычных парушэнняў. Кіраўніцтва клуба мае намер ісці далей - у футбольны арбітраж АБФФ. Ну а заўтра адбудзецца яшчэ адно пасяджэнне па справе каманды. Камітэт па статусе і пераходах футбалістаў разгледзіць заявы былых гульцоў, мінчан, з якімі "Крумкачы" не разлічыліся па зарплаце. Клубу пагражае падаўжэнне забароны на рэгістрацыю новых футбалістаў.