Антон Кушнір стаў другім алімпійскім чэмпіёнам у гісторыі беларускага мужчынскага фрыстайла

18 февраля 2014

Тое, што не ўдалося Антону зрабіць у Ванкуверы, ён зрабіў у Сочы. Даказаў, што немагчымае магчыма - перамог усіх наймацнейшых фрыстайлістаў свету. Антон Кушнір стаў алімпійскім чэмпіёнам. Другім у гісторыі беларускага мужчынскага фрыстайла.


Расказвае Павел Капуцкі. Чатыры алімпіяды запар мужчынскі фрыстайл прыносіў нам медалі. Такія традыцыі парушаць прыкра. У планах нашай каманды была пятая медальная Алімпіяда. Непрыемнасць здарылася ў кваліфікацыі. Чэмпіён Ванкувера Аляксей Грышын праваліў свае скачкі і скончыў барацьбу.


Сваё золата Грышын узяў, таму сыходзіць з чыстым сумленнем. Дзмітрый Дашчынскі, Дзяніс Осіпаў і Антон Кушнір на Гульнях не перамагалі, затое трапілі ў фінал. Першым вылецеў Дзяніс. Ён і так высока забраўся - дзявятае месца. Другім Дашчынскі. Пятае месца на пятых Гульнях. Фрыстайл ён пакідае з алімпійскім серабром і бронзай, але без золата.


На суперфінал Антон Кушнір, для якога цяперашняя Алімпіяда трэцяя, заяўляе скачок неверагоднай складанасці. Трайное сальта з пяццю піруэтамі. Ніхто з сапернікаў так не рызыкаваў. Каб трапіць у тройку, хапіла б і больш простага скачка. Кушнір ішоў на золата.


Скачок выйшаў амаль ідэальным. Суддзі яго ацанілі ў 134 з паловай бала. Найбліжэйшы сапернік - Дэвід Морыс з Аўстраліі - набраў 110. На футбольнай мове гэта гучыць так: разгром! Кушнір не глядзеў на канкурэнтаў. Ён справіўся з сабой, і гэтага хапіла.


Не вялікая, а вялізная перамога фрыстайла і ўсяго беларускага спорту. Антон Кушнір - чацвёрты алімпійскі чэмпіён ад Беларусі на зімовых Гульнях. З перамогай спартсмена павіншаваў Прэзідэнт. Уначы ў Краснай Паляне Кушніра ўшаноўвала спартыўнае кіраўніцтва.


Другую Алімпіяду запар у лыжнай акрабатыцы перамагае беларус. У сапернікаў ёсць чатыры гады, каб падрыхтавацца і паспрабаваць заняць месца на вяршыні. А пакуль там знаходзіцца Антон Кушнір, Беларусь.