Аляксандра Сасновіч упершыню ў жыцці дайшла да фіналу турніру WTA ў Брысбене

5 января 2018

Найвышэйшае дасягненне ў кар'еры! Сёння раніцай Аляксандра Сасновіч упершыню ў жыцці дайшла да фіналу турніру ВТА ў Брысбене. У паўфінале беларуска ў двух сэтах адолела латвійку Анастасію Севаставу - 7:6, 6:4. Сасновіч зноў паказала сябе валявым, стрэсаўстойлівым гульцом - першы сэт узяла на тай-брэку, а ў другім адыграла адставанне ў ліку. І, вядома ж, галоўная асаблівасць матча - беларуска "не заўважыла" больш высокі 16-ы рэйтынг Севаставай. У Сасновіч на гэтым тыдні ён пакуль 88-ы. Вядома ж, у панядзелак Аляксандра будзе каціравацца вышэй.

Такім чынам, у тытульным матчы саперніцай Сасновіч стане пераможніца супрацьстаяння Караліна Плішкова (Чэхія) - Эліна Світоліна (Украіна). Сустрэча пачнецца прыблізна ў 14:10 па беларускім часе. Турнір у Брысбене мае катэгорыю “прэм'ер”. Яго прызавы фонд 894 тысячы долараў.