Аляксандра Сасновіч паспяхова стартавала на US Open

29 августа 2017

Першы круг і першая перамога. Адзіная прадстаўніца Беларусі ў жаночым адзіночным разрадзе апошняга ў сезоне турніру серыі Вялікага шлема Аляксандра Сасновіч паспяхова стартавала на US Open. За гульнёй сачыла наш карэспандэнт у Нью-Ёрку Ганна Эйсмант.

У стартавы дзень US Open усе 17 кортаў нацыянальнага тэніснага цэнтра нарэшце дачакаліся сваіх гульцоў! А за межамі кортаў ідзе сваё, не менш насычанае жыццё. Тысячы балельшчыкаў, купляючы адзін білет на адзін гульнявы дзень, маюць права наведаць усе корты, акрамя цэнтральнага. Але тыя, хто не можа трапіць на стадыён Артура Эша, выдатна назіраюць за матчамі на гэтых вялізных экранах. І менавіта такую карцінку бачыць увесь свет, першыя кадры прамой трансляцыі з US Open.

І ў першы ж дзень вішанькай на торце стаў матч з удзелам Марыі Шарапавай - яе першы US Open пасля дыскваліфікацыі. Яе саперніца - другая ракетка свету румынка Сімона Халеп. Жэрабя відавочна не на боку расіянкі. Але Шарапава перамагла ў цяжкім, у першую чаргу псіхалагічна, матчы - 6:4, 4:6, 6:3.

А мы тым часам радуемся першай перамозе на US Open нашай Аляксандры Сасновіч. У матчы першага круга адзіная прадстаўніца Беларусі ў жаночым турніры гуляла супраць амерыканкі Джуліі Босрап і не пакінула шанцаў саперніцы 6:2, 6:2

Майк Тайсан, Алек Болдуін, зоркі амерыканскага тэлебачання - усё гэта моцна нагадвае чырвоную дарожку Оскара! Зрэшты, галоўныя зоркі тут усё ж тэнісісты.