Аляксандра Раманоўская ўзяла золата на этапе Кубка свету па фрыстайле ў Маскве

16 февраля 2019

У кваліфікацыі Аляксандра паказала толькі 12-ты вынік, аднак гэтая пазіцыя дазволіла ёй прабіцца ў першы фінал. Сярод 12 наймацнейшых беларуска заявіла самы складаны па каэфіцыенце скачок. Трохі пляснула ў прызямленні, але добрая форма ў паветры дазволіла спартсменцы прабіцца ў суперфінал з другой сумай балаў. У барацьбе за медалі Раманоўская зноў заявіла самы складаны скачок з усіх удзельніц і, набраўшы звыш 105 балаў, безумоўна перамагла.

Нагадаем, што год таму Раманоўская на этапе Кубка свету на Вараб'ёвых гарах стала сярэбраным прызёрам. А зусім нядаўна ўпершыню ў гісторыі беларускага жаночага фрыстайлу Аляксандра выйграла золата чэмпіянату свету.

Таксама на цяперашнім этапе Кубка свету ў мужчын з трох беларусаў у першы фінал прабіўся толькі Антон Кушнір. Алімпійскі чэмпіён Сочы на гэтай стадыі спаборніцтваў паказаў толькі 8-мы вынік і завяршыў барацьбу за медалі.

Адразу пасля Масквы ўсе лепшыя лыжныя акрабаты свету перабяруцца ў беларускія Раўбічы, дзе 23 лютага адбудзецца перадапошні ў сезоне этап Кубка свету, а таксама ўпершыню ў гісторыі пройдуць міжнародныя спаборніцтвы па сінхронных скачках.

А ў гэтыя дні Раўбічы прымаюць этапы Кубка Еўропы. Як і напярэдадні, золата сярод дзяўчат заваявала Сняжана Драбянкова. Бронза дасталася Яне Ярмашэвіч. Сярод хлопцаў на вышэйшую прыступку п'едэстала падняўся Макар Мітрафанаў. Вячаслаў Цімерцаў другі. Перспектыўных юніёраў трэнерскі штаб плануе заявіць і на будучы этап Кубка свету.