Аляксандр Лукашэнка праверыў гатоўнасць студэнцкай вёскі да II Еўрапейскіх гульняў

11 мая 2019

Крыху больш за месяц застаецца да старту II Еўрапейскіх гульняў. Маштабны спартыўны форум Беларусь прыме з 21 па 30 чэрвеня. 

Але першыя спартсмены і ўдзельнікі дэлегацый прыедуць у нашу краіну ўжо ў пачатку наступнага месяца. Да іх прыёму ўжо практычна ўсё гатова. Падзея сапраўды іміджавая для краіны, і ад таго, як усё будзе арганізавана (ад бытавых пытанняў  да якасці правядзення мультыкультурнага форуму), залежыць, якое ўражанне складзецца і аб Беларусі ў цэлым. Усе дэталі падрыхтоўкі да кантынентальных спаборніцтваў Кіраўнік дзяржавы кантралюе асабіста. Сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў вёску спартсменаў у Мінску. Менавіта яна падчас маштабнага форуму стане вялікай штаб-кватэрай для атлетаў, кіраўнікоў дэлегацый і менеджараў. Тут яны будуць жыць, трэніравацца, у выпадку неабходнасці атрымліваць своечасовую медыцынскую дапамогу. Гэты комплекс яшчэ называюць студэнцкай вёскай. Перад падрыхтоўчымі мерапрыемствамі і правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў усе студэнты забяспечаны месцамі ў іншых інтэрнатах, а гэтыя пераабсталяваны пад гасцініцы. Іх 9, і яны поўнасцю гатовы да сустрэчы гасцей спартыўнага форуму. Пасля завяршэння спаборніцтваў тут будуць пражываць 10 тысяч студэнтаў.

Таксама Прэзідэнт паразмаўляў з журналістамі і адказаў на ўсе пытанні, што цікавілі іх. Спартсмены і дэлегацыі II Еўрапейскіх гульняў пачнуць засяляцца з 15 чэрвеня. Падрыхтаваны амаль 7 тысяч месцаў. Тут будуць пражываць 50 каманд. Самая шматлікая - каманда Расіі - размесціцца побач з нашай зборнай. У распараджэнні кожнай каманды блок кіраўніка дэлегацыі, офіс, неабходная колькасць жылых пакояў, медыцынскіх блокаў. Уваход на тэрыторыю абмежаваны, трапіць у вёску спартсменаў можна толькі пры наяўнасці акрэдытацыі. Кіраўнік дзяржавы паглядзеў і пункт харчавання спартсменаў. Адначасова тут могуць размясціцца 2 тысячы чалавек. На абслугоўванні аб'екта, які будзе працаваць 24 гадзіны, задзейнічаны каля 650 супрацоўнікаў, і палова з іх - повары. Кожны дзень спартыўным дэлегацыям будзе прапанавана як мінімум 250 розных страў, прыгатаваных з беларускіх прадуктаў. І пасля II Еўрапейскіх гульняў усе аб’екты на тэрыторыі будуць задзейнічаны. Гэты пункт харчавання пераабсталююць ва ўніверсальную спартзалу.