Аляксандр Лукашэнка наведаў вёску спартсменаў у Мінску і пагутарыў з прэсай

11 мая 2019

Беларусь падчас II Еўрапейскіх гульняў павінна паказаць свой твар. Гэта заявіў Прэзідэнт падчас наведвання вёскі спартсменаў у Мінску.

Беларусь прыме маштабны спартыўны форум з 21 па 30 чэрвеня, аднак першыя атлеты прыедуць у нашу краіну ўжо ў пачатку наступнага месяца. Падзея сапраўды іміджавая для краіны, і ўзровень арганізацыі, якасць падрыхтоўкі сфарміруюць уражанне аб Беларусі ў гасцей у цэлым, таму ўсе дэталі на кантролі Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі пражывання для спартсменаў, арганізацыяй харчавання ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў і пагутарыў з прэсай. 

Апошнім часам на медыяполі з'явілася нямала тэм для абмеркавання. Адна з іх - сітуацыя вакол пастаўкі чорнага золата. Так, расхлябанасць расійскіх партнёраў у стратэгічным пытанні з адпраўкай нафты прывяла да вялізнай шкоды. І сам факт трапляння атрутнага сурагату ў магістраль патрабуе самых жорсткіх рашэнняў і санкцый да вінаватых. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на сённяшні дзень гаварыць наконт дакладнай сумы ўрону пакуль рана. Працуюць спецыялісты, але яна можа скласці некалькі соцень мільёнаў долараў. 

Таксама беларускі лідар падчас размовы з прэсай пракаментаваў гучную карупцыйную справу апошніх дзён аб затрыманні экс-намесніка Дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына. Падазрэнні ў дачыненні да яго ўзніклі яшчэ некалькі гадоў таму, але афіцэру быў дадзены шанц іх абвергнуць. У выніку высокапастаўленага сілавіка ўзялі з доказамі злачынства пры атрыманні чарговага буйнога хабару. Прэзідэнт абверг домыслы, што затрыманне неяк звязана з працай у Мінску экс-пасла Міхаіла Бабіча, і чарговы раз заявіў, што да чыноўнікаў, якія працуюць у камандзе Прэзідэнта, будуць і надалей прымяняцца павышаныя патрабаванні і самыя суровыя меры пакарання за карупцыйныя злачынствы.

Яшчэ адной тэмай размовы Кіраўніка дзяржавы з журналістамі сталі будучыя буйныя спартыўныя баталіі з беларускай прапіскай. Пасля правядзення II Еўрапейскіх гульняў Беларусі па сілах будуць алімпійскія першынствы і нават чэмпіянат свету па футболе. Спартыўныя аб'екты, якіх не хапае, (у прыватнасці, яшчэ адзін нацыянальны футбольны стадыён) пабудуюць пры падтрымцы Кітая. 

Больш падрабязна пра гэтыя рэзанансныя заявы беларускага лідара глядзіце ў вячэрняй "Панараме".