А. Лукашэнка: Беларусь гатова прыняць Суперкубак УЕФА

19 сентября 2019

Беларусь гатова правесці ў сябе Суперкубак УЕФА. Гэтую ініцыятыву сёння агучыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый Аляксандрам Чэферынам.

Трафей у канцы кожнага лета аспрэчваюць пераможцы двух самых прэстыжных турніраў на кантыненце - Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Раней наша краіна ўжо прэтэндавала на Суперкубак у 2020-м і 21-м гадах. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што трэцяя спроба  стане ўдалай. Падчас рабочай сустрэчы бакі абмеркавалі праграму рэалізацыі ў Беларусі розных праектаў па лініі УЕФА. Наш футбол атрымлівае не толькі істотную фінансавую, але і адукацыйную дапамогу. Так з 2008 года амаль 600 трэнераў прайшлі навучанне на спецыяльных курсах. Зрэшты,  львіную долю падтрымкі спорту нумар адзін забяспечвае дзяржава і для гэтага рэалізуецца цэлая праграма.

УЕФА мае намер развіваць супрацоўніцтва з Беларускай федэрацыяй футбола

Аляксандр Чэферын,  сам па нацыянальнасці славенец, вядомы як прыхільнік развіцця футбола першым чынам у невялікіх краінах, і нярэдка атрымлівае вялікія порцыі крытыкі за свае ініцыятывы.

Так родапачынальнікі футбола, англічане,   былі вельмі незадаволеныя тым, што фінал Лігі Еўропы ў гэтым годзе правялі ў Баку, дзе гулялі два брытанскія клубы. Парыруючы гэтыя прэтэнзіі, Чэферын нагадаў, што ў Азербайджане ёсць сучасны стадыён на 70 тысяч гледачоў, аналагаў якому ў Англіі  яшчэ трэба  пашукаць. Дарэчы, будаўніцтва новай нацыянальнай футбольнай арэны ў Беларусі  і стане галоўным козырам нашай заяўкі.