9 снежня ў Мінску стартуе моладзевы чэмпіянат свету па хакеі

8 декабря 2019
Да старту адной з самых грандыёзных падзей года ў беларускім хакеі засталося менш  як суткі. Ужо ў панядзелак, 9 снежня, наша моладзевая зборная пачне барацьбу на чэмпіянаце планеты ў першым дывізіёне групы А. Пляцоўкай форуму стане "Чыжоўка-Арэна". Сапернічаць беларусы будуць з датчанамі, аўстрыйцамі, нарвежцамі, латышамі і славенцамі. Дарэчы, у рэйтынгу толькі каманда Даніі вышэйшая за нашу зборную. Толькі пераможца гэтага кароткатэрміновага турніру атрымае адзіную пуцёўку ў элітны дывізіён. Ажыццявіць гэта будзе, вядома, нялёгка. Усе выдатна разумеюць, што такое моладзевы хакей. Гэта высокія хуткасці, сілавая барацьба і непрадказальны вынік - тое, што так любяць прыхільнікі гэтага віду спорту.

Афіцыйны хештэг форуму - "Наперад у будучыню"! І гэта сапраўды так. Бо тыя гульцы, якіх можна будзе ўбачыць на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" ў панядзелак, праз пару-тройку гадоў будуць выступаць у НХЛ. Чатыры хакеісты, якія прымуць удзел у форуме, задрафтаваныя. Гэта значыць, што правы на іх ужо належаць клубам наймацнейшай лігі свету.

Вылучаецца з усіх варатар зборнай Даніі Мадс Сёгард. Ён у сістэме "Атавы Сенатарз", але характэрна іншае. Яго рост роўна два метры. Уявіце, які галкіпер высокі, калі надзявае канькі. Таму закінуць яму вельмі складана. Канкурэнцыю Сёгарду ў дацкай зборнай складзе Фрэдэрык Нісен Дыхоў. Хлопцу ўсяго 18, але ён ужо зацікавіў клуб "Манрэаль Канадыенс". Зараз Фрэдэрык гуляе ў чэмпіянаце Швецыі і дэманструе добрую статыстыку.

Радуе тое, што ў спісах драфтаў НХЛ ёсць і беларусы. Форвард Аляксей Протас - наша ўдарная сіла. Ён ужо набраў 42 балы за 27 матчаў. Протас - лепшы бамбардзір каманды "Прынц-Альберт Райдэрс".

Падобная сітуацыя ў лідара абароны зборнай Беларусі - Уладзіслава Калячонка. Правы на хлопца замацаваныя за "Фларыдай Пантэрз". Зараз на рахунку беларуса ў лізе Паўночнай Амерыкі 17 балаў у 26 сустрэчах. Гэта другі вынік сярод абаронцаў-бамбардзіраў ва "Флінце Файрбёрдс".

Увесь гэты тыдзень наша зборная актыўна рыхтавалася. У хлопцаў было па дзве трэніроўкі на дзень. Амаль з усімі сапернікамі беларуская каманда ўжо перасякалася. Так што трэнерскі штаб ведае, чаго чакаць. Асноўная задача нашых - выхад у эліту сусветнага хакея. 

Ну і, вядома ж, зараз актыўна прадаюцца білеты на чэмпіянат свету. Чакаецца, што ў панядзелак гульня Беларусь - Аўстрыя пройдзе пры аншлагу. Усе матчы нашай зборнай будуць пачынацца ў 19:30. Мы будзе хварэць за нашых.