7 гульцоў "Дынама-Маладзечна" дыскваліфікаваныя за дагаворны матч

24 марта 2020
Сёння Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання справы аб дагаворным хакейным матчы ў лістападзе мінулага года паміж камандамі "Дынама-Маладзечна" і "Магілёў". Паводле звестак следства, гульцам каманды "Дынама-Маладзечна" ад іншаземцаў паступіла прапанова наўмысна прайграць у матчы з камандай "Магілёў". Цана пытання - мільён расійскіх рублёў. 

У СК удакладнілі, што грошы спартсмены не атрымалі, у справу своечасова ўмяшаліся супрацоўнікі  айчыннага ГУБАЗ. Падчас допытаў гульцы пацвердзілі, што матч сапраўды насіў дагаворны характар. Тады дзеянні спартсменаў кваліфікавалі як замах на атрыманне незаконнай узнагароды спартсменамі за аказанне ўплыву на вынікі спаборніцтва. У дачыненні  да ініцыятараў дагаворнага матча крымінальная справа выдзелена ў асобную вытворчасць. Хто гэтыя людзі - следства не ўдакладняе. У дачыненні  да трох гульцоў каманды "Дынама-Маладзечна" крымінальнае праследаванне спынена, чацвярым прыйдзецца адказаць перад судом. І напярэдадні стала вядома, што дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі хакея вынес рашэнне па справе аб дагаворным матчы, у якім засвяціліся гульцы "Дынама-Маладзечна". Усе сямёра дыскваліфікаваныя.