5 залатых, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі ў беларусаў у веславанні на байдарках і каноэ

27 июня 2019

Веславанне на байдарках і каноэ - галоўная сіла беларускага спорту. Гэта сёння пацверджана  чарговы раз. На II Еўрапейскіх гульнях у Заслаўі разыгрывалася 16 камплектаў узнагарод, 12 дысцыплін алімпійскія, а, значыць, асабліва прэстыжныя. Толькі ўявіце,  за гэтыя дні нашы спартсмены паднімаліся на п'едэстал 10 разоў. 5 залатых, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі. У гэта нават цяжка паверыць. Усе яны заваяваныя як у адзіночных заездах, так і ў экіпажах. 

Гэта нашы чэмпіёны.  Вольга Худзенка і Марына Літвінчук разам і паасобку дабіліся поспеху на байдарцы, незабыўнымі атрымаліся сольныя выступленні Арцёма Козыра і Алены Наздровай на каноэ. Эскадра Уладзіміра Шантаровіча віхурай пранеслася па вяслярным канале, прадэманстраваўшы выдатныя спартыўныя навыкі і каласальную сілу волі. 

Гэта асабліва прыемна, улічваючы, што, як правіла, узнагароды на буйных спаборніцтвах беларусы звычайна заваёўваюць за мяжой. А ўчора і сёння была ўнікальная магчымасць прынесці перамогу менавіта свайму гледачу,  у байдарачнікаў і канаістаў гэта атрымалася. Беларускі гімн у Заслаўі гучаў часцей за  іншыя.