3 дні да старту моладзевага чэмпіянату свету па хакеі

6 декабря 2019
Беларуская сталіца  разам з навагоднімі святамі  рыхтуецца і да важнай спартыўнай падзеі. У панядзелак  наша моладзевая зборная па хакеі стартуе на хатнім чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне. Задача перад камандай - вярнуць месца ў сусветнай эліце. Сёння адбылася адкрытая  для прэсы трэніроўка на "Чыжоўка-Арэне". Якая атмасфера зараз у камандзе? І як настроена  наша моладзь на першы паядынак супраць Аўстрыі,  высвятляў Андрэй Казлоў. 

На галоўным лёдзе "Чыжоўка-Арэны" сёння беларускія хакеісты працавалі, падкасаўшы рукавы. За час трэніроўкі неабходна было выкласціся на 100 %. Да такога важнага турніру ў іх кар'еры заставалася тры дні. Толькі змяняліся звёны на лёдзе, і гульцы зборнай пачыналі жыва абмяркоўваць усё тое, што трэба было  тут жа выправіць. І вельмі рэдка гучалі такія  словы. 

Тым часам  адзін з трэнераў зборнай Аляксандр Цыплакоў адначасова і рабіў заўвагі, і ўспамінаў прыёмы з хакейнага мінулага. Наогул, трэнерскі штаб моладзевай зборнай складзены з тых спецыялістаў, якія правялі бліскучыя гульнявыя кар'еры. Акрамя Цыплакова - гэта Дзмітрый Мялешка. І, вядома ж, галоўны трэнер Дзмітрый Дудзік. Ім ёсць што данесці маладым хлопцам. 

Ажыятаж прэсы быў сапраўды высокі, таму прэс-служба федэрацыі хакея таксама працавала ва ўзмоцненым рэжыме. Аднак эксклюзіўныя інтэрв'ю нашай здымачнай групе запісаць атрымалася. Выхады з зоны, скіданні, спецбрыгады - задачы каманды на сённяшнюю трэніроўку стаялі аб'ёмныя. Неўзабаве змагацца  супраць фізічна падрыхтаваных датчан, латышоў, аўстрыйцаў, нарвежцаў і славенцаў. Некаторыя гульцы і ўвогуле  заставаліся працаваць і пасля агульнай трэніроўкі, паказваючы свой высокі ўзровень прафесіяналізму, як, да прыкладу, Андрэй Паўленка. 

Распранальня ў гэты дзень была святая святых - журналістаў перад стартам на  чэмпіянат свету вырашылі не пускаць. Але некаторыя дэталі нам даведацца  атрымалася. На прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля адкрытай  трэніроўкі, журналісты на пытанне, хто стане капітанам зборнай Беларусі на хатнім турніры, адказу не атрымалі. Аднак напярэдадні адзін з лідараў гэтай зборнай Павел Ажгірэй нашай хакейнай аглядальніцы  Крысціне Камыш  сцісла капітанскую нашыўку пракаменціраваў, сціпла ўсміхнуўшыся.

Ну а зараз на вашых экранах расклад паядынкаў моладзевага чэмпіянату свету. Наша каманда чакае сваіх прыхільнікаў у 19:30 - менавіта ў гэты час беларусы будуць пачынаць свае матчы. Білетаў становіцца ўсё менш - спяшайцеся. Сёння ў Беларусь прыляцелі зборныя Даніі і Нарвегіі. А заўтра вячэрнім рэйсам прыбудуць славенцы, і тады ўвесь пул зборных, якія будуць змагацца за выхад у эліту, збярэцца поўным саставам. Але хварэць мы будзем, вядома ж, за нашых.