2 золаты і 2 срэбры ў беларусаў на Кубку Еўропы па фрыстайле

26 января 2019

Флаг Беларусі сёння паднімаўся і на п'едэстале пашаны ў фрыстайле. 2 золаты і 2 срэбры ў нашай каманды на этапе Кубка Еўропы, які сёння стартаваў у Маскве. На Вараб'ёвых гарах для гэтага спецыяльна быў пабудаваны штучны трамплін. Беларусы спаборнічалі з калегамі з Расіі і Казахстана ў адной з самых маляўнічых і складаных дысцыплін - лыжнай акрабатыцы. Нягледзячы на складаныя пагодныя ўмовы - вецер і моцны снег, моладзевая зборная Беларусі паказала высокі вынік.

Дзмітрый Дашчынскі, старшы трэнер моладзевай зборнай Беларусі па фрыстайле: "Хлопцы ўчора рваліся ў бой, жадалі большага, але сёння надвор'е іх трохі астудзіла. Пакуль не будзем змагацца на максімум, тым больш і задач такіх не стаіць. Прыедзем дамоў, яшчэ будзе 2 тыдні да этапу Кубка Еўропы, які будзе праходзіць у нас у Раўбічах. І ўжо там мы планавалі выйсці на максімальныя праграмы і паказаць ужо ўзровень, з якім мы ўжо можам выступаць на чэмпіянаце свету юніёрскім".

У сярэдзіне лютага этап Кубка Еўропы па фрыстайле будзе прымаць Беларусь. Фінал адбудзецца ў Італіі. Пераможцу вызначаць па суме набраных ачкоў за ўсе этапы спаборніцтваў.