2:0 на карысць беларусаў

7 апреля 2017

Гэтымі днямі Мінск прымае Кубак Дэвіса - другі круг першай групы Еўра-Афрыканскай зоны. Нашы тэнісісты ўзялі абодва паядынкі ў каманды з Аўстрыі. Першае ачко прынёс Ягор Герасімаў, які абгуляў лідара сапернікаў - 109-ю ракетку свету Геральда Мельцэра. Тыдзень таму наш Герасімаў у яго ўжо выйграваў на турніры ў Францыі. Узяць рэванш у Мінску аўстрыйцу не ўдалося. Перамога беларуса ў трох сэтах, якія завяршыліся з аднолькавым лікам 6:3.

Услед за Ягорам парадаваў гульнёй Ілья Івашка. Матч са старэйшым з братоў Мельцэраў - Юргенам - атрымаўся цяжкім. Супраць беларуса гуляла - экс-восьмая ракетка свету. Два сэты - першы і чацвёрты - завяршыліся на тайбрэйках. У выніку перамога Івашкі - 7:6, 6:3, 4:6, 7:6. Дарэчы, гэта выдатны падарунак капітану каманды Уладзіміру Валчкову ў дзень яго нараджэння.

Заўтра адбудзецца парны паядынак. У заяўцы зборнай Беларусі - Максім Мірны і Ілья Івашка, у нашых сапернікаў - Аляксандр Пея і Юльян Ноўл. Праўда, за гадзіну да пачатку матча капітаны могуць зрабіць замену. Нагадаем, пераможца беларуска-аўстрыйскага супрацьстаяння будзе гуляць плэй-оф за выхад у сусветную групу.