24 медалі заваявалі беларускія спартсмены на XVII Сусветнай летняй гімназіядзе

11 мая 2018

24 медалі - 5 залатых, 7 сярэбраных і 12 бронзавых - заваявалі беларускія спартсмены на XVII Сусветнай летняй гімназіядзе, а напярэдадні позна ноччу трыумфатары турніру вярнуліся на радзіму з далёкага Марока. У аэрапорце каманду цёпла сустракалі родныя і блізкія, сябры і трэнеры.

Найбольшага поспеху нашы спартсмены дасягнулі ў мастацкай гімнастыцы, лёгкай атлетыцы, плаванні і жаночай барацьбе. Акрамя гэтага, падчас гімназіяды былі ўстаноўлены тры рэкорды Беларусі - два ў плаванні, адзін у лёгкай атлетыцы.

Сусветная гімназіяда - гэта міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы сярод школьнікаў ад 14 да 17 гадоў. Сёлета ў Марока змагаліся за медалі ў 18 відах спорту больш як 3 тысячы спартсменаў з 59 краін. Беларусы выступалі ў 7 відах - плаванні, тэнісе, мастацкай гімнастыцы, лёгкай атлетыцы, фехтаванні, вольнай барацьбе і боксе.