24 фігурысты прадоўжаць барацьбу за медалі ў мужчынскім адзіночным катанні

24 января 2019

Інтрыга блізкая да развязкі. Хто падзеліць паміж сабою першы камплект узнагарод чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні? У гэтыя хвіліны на лёдзе "Мінск-Арэны" вырашаецца лёс золата ў парным катанні. Прамую трансляцыю вядзе тэлеканал "Беларусь 5".

Сёння днём па выніках кароткай праграмы вызначыліся 24 наймацнейшыя фігурысты, якія прадоўжаць барацьбу за медалі ў мужчынскім адзіночным катанні. Першыя два радкі засталіся за расіянамі - Міхаілам Калядой і Аляксандрам Самарыным. Трэцяя сума балаў у шасціразовага чэмпіёна Еўропы і дзеючага ўладальніка тытула Хаўера Фернандэса. Іспанец, дарэчы, яшчэ раз пацвердзіў той факт, што мінскі чэмпіянат кантынента стане заключным стартам у яго кар'еры.

Хаўер Фернандэс, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў - 2018 (Іспанія): "Гэты старт сапраўды стане для мяне апошнім. Гэтае рашэнне было прынята даўно і вынік, які я пакажу ў Мінску, на яго не паўплывае. Гэта мой 13 чэмпіянат Еўропы. Калі я сёння выходзіў на лёд, я хваляваўся. Але я старанна рыхтаваўся да гэтага турніру яшчэ ў Таронта і пастараюся паказаць усё, на што здольны ў адвольнай праграме".

У мужчынскім адзіночным катанні Беларусь прадставіў Якаў Зянько, які ў выніку набраў 30-ю суму балаў і не прабіўся ў вырашальную стадыю спаборніцтваў. Заўтра другі камплект узнагарод разыграюць жанчыны. Старт спаборніцтваў прызначаны на 18:00. У ранішняй праграме, пачатак якой у 12:40, запланаваны спаборніцтвы ў танцах на лёдзе. Тут будзем хварэць за наш дуэт Ганна Кублікава - Юрый Гуліцкі. Нагадаем, чэмпіянат Еўропы ў поўным аб'ёме і ў прамым эфіры можна ўбачыць на "Беларусь 5".