22 медалі ў скарбонцы беларускай каманды на Еўрапейскіх гульнях

19 июня 2015

Новы дзень і новыя ўзнагароды. На Еўрапейскіх гульнях у Баку і сёння нашы спартсмены не раз паднімаліся на спартыўны п’едэстал. Зараз у скарбонцы беларускай каманды 22 медалі, з іх 6 - вышэйшай пробы. Асаблівая ўвага сёння была прыкаваная да фіналу ў настольным тэнісе, куды прабіўся Уладзімір Самсонаў. Але, на жаль, паядынак для нас стаў толькі срэбным. Апошнія навіны з Баку ў рэпартажы Алены Гарэльчык.

На Еўрапейскіх гульнях іх завуць захавальнікамі агню. Яны непрыметныя, але яны паўсюль. Гаворка ідзе аб валанцёрах. 12 з паловай тысяч. У асноўным, студэнты і проста тыя, хто захацеў стаць часткай вялікага спартыўнага свята. Бясплатна.

Над гэтым абавязковым атрыбутам любой цырымоніі ўзнагароджання ў Баку штодня працуюць па 6 чалавек. Гаворка ідзе не аб медалях, а аб букетах, якія атрымліваюць пераможцы і прызёры спаборніцтваў. У іх складзе - гваздзік, сінегаловік, фісташка і гранат. Паводле слоў фларыстаў, яны здольныя прынесці поспех, сімвалізуюць памяць і сапраўдны спартыўны характар. У руках беларускіх спартсменаў такіх букетаў сёння апынулася пяць.

Гэтае інтэрв'ю беларускія акрабаткі далі адразу пасля заканчэння спаборніцтваў у шматборстве. Нашы дзяўчаты - Кацярына Барысевіч, Вераніка Набокіна і Карына Сандовіч - выйгралі бронзу, адначасова забяспечыўшы ўдзел і ў двух фіналах у асобных відах, якія пройдуць у нядзелю. У гэты ж дзень у чатырох фіналах, але ў турніры гімнастак-мастачак выступіць і Меліціна Станюта. Сёння лідар беларускай мастацкай гімнастыкі выйграла бронзу ў шматборстве.

Уладзімір Самсонаў супраць Дзмітрыя Аўчарова. Паміж сабою беларус і немец сустракаліся восем разоў. Дзявяты паядынак прыпаў на фінал Еўрапейскіх гульняў. Гэта той самы выпадак, калі пераможца атрымлівае ўсё - залаты медаль і алімпійскую ліцэнзію ў Рыа. Фінал атрымаўся драматычным. Самсонаў, узяўшы першыя дзве партыі, на жаль, не змог утрымаць гэтай перавагі і прайграў у трох наступных. Гэта срэбра.

Перад экватарам спаборніцтваў зборная Беларусі ў медальным заліку займае пятае месца. З чацвёртай пазіцыі нашу каманду пасунулі немцы. Тройка прызёраў - без змяненняў. Лідзіруюць расіяне, гаспадары турніру размясціліся на другім радку, замыкаюць першую тройку венгры.

Заўтра за медалі ў шашэйнай велагонцы пазмагаюцца нашы дзяўчаты на чале з Алёнай Амялюсік і Таццянай Шаракавай. У кулявой стральбе сярод прэтэндэнтаў на медалі Вікторыя Чайка і Канстанцін Лукашык. Выйдуць на старт скакуны ў ваду і гімнасты. Відавочна, узнагароды ў беларусаў яшчэ будуць.