2019 стане знакавым годам для беларускага спорту

14 ноября 2017

Улетку ў Мінску пройдуць ІІ Еўрапейскія гульні. А ўжо ў верасні на стадыёне "Дынама" адбудзецца першая ў гісторыі сусветнай лёгкай атлетыкі матчавая сустрэча паміж зборнымі Еўропы і ЗША. Ініцыятыва правядзення падобнага спаборніцтва зыходзіла ад кіраўніка Еўрапейскай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый, які з захапленнем гаворыць не толькі пра нашу краіну, але і пра працу Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Расказвае Алена Гарэльчык.

Кіраўнік еўрапейскай лёгкай атлетыкі Свен Арне Хансен у нашай краіне бывае часта. Прыязджаў на паўмарафон і на Кубак Еўропы па бегу, на нацыянальны чэмпіянат у Гродне зазірнуў, нават на шкаліядзе пабываў. Беларусь, прызнаецца, у кантэксце лёгкай атлетыкі, як масток, які злучае Усходнюю і Заходнюю Еўропу. Плюс падтрымка федэрацыі і віду спорту з боку ўрада. Пра месца правядзення матчавай сустрэчы разважаць не прыйшлося.

Свен Арне Хансен, кіраўнік Еўрапейскай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый: "Чаму менавіта Мінск? Беларуская сталіца - гэта схаваная жамчужына. Паўтара года таму мы правялі тут SЕО-канферэнцыю, якая сабрала кіраўнікоў лёгкаатлетычных федэрацый усіх краін Еўропы. Яна прайшла на вышэйшым узроўні і была найлепшай з усіх папярэдніх. Дарэчы, адкрыю вам сакрэт. Наступная SЕО-канферэнцыя таксама пройдзе ў Мінску. Сваю ролю сыграў і абноўлены стадыён "Дынама". Упэўнены, у будучыні гэтая арэна яшчэ пакажа сябе як пляцоўка для спаборніцтваў".

Матч пройдзе на стадыёне "Дынама". Зараз ідзе рэканструкцыя, сустрэча адбудзецца 9-10 верасня.

Неабходнасць правядзення падобнага спаборніцтва прадыктаваная календаром, сцвярджае Свен Арне Хансен. У 2019 у Еўропе не будзе праходзіць маштабных лёгкаатлетычных спаборніцтваў, акрамя чэмпіянату свету ў Катары ў канцы верасня - пачатку кастрычніка.

У праграме будуць усе дысцыпліны каралевы спорту. Віды бегу ад 100 да трох тысяч метраў, усе віды скачкоў, усе віды кіданняў, уключаючы молат, а таксама эстафетныя забегі. Прычым з'явіцца і новая дысцыпліна - змяшаныя эстафеты 4 па 100 і 4 па 400, дзе ў адной камандзе выступяць па двое мужчын і дзве жанчыны. У каманду ўвойдуць па 72 спартсмены, прычым у адной дысцыпліне выступяць па 4 атлеты з кожнай зборнай. Адбор пройдзе на камандных чэмпіянатах Еўропы, пазмагацца за месца ў зборнай змогуць спартсмены з усіх 4 ліг.

Свен Арне Хансен, кіраўнік Еўрапейскай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый: "Спадзяюся, што ў еўрапейскую каманду патрапіць як мага больш беларусаў. Ведаю, наколькі важна для кожнай краіны паказаць сваіх атлетаў. А ў вас вельмі шмат таленавітых спартсменаў. Я ўпэўнены, гэта будуць сапраўды выдатныя спаборніцтвы".

Свен Арне Хансен не сумняваецца: лёгкаатлетычнае супрацьстаянне Еўропа - ЗША збярэ поўныя трыбуны стадыёна "Дынама". Ужо сёння адна з вядомых еўрапейскіх тэлекампаній вядзе перамовы наконт трансляцыі спаборніцтваў. Турнір у Беларусі ўбачаць ва ўсім свеце.