14 медалёў сусветнага Чэмпіянату. Трыумфатараў-весляроў сустракалі ў Нацыянальным аэрапорце

26 августа 2019
Апошнія некалькі дзён мы з захапленнем сачылі за нашымі веслярамі на чэмпіянаце свету ў Венгрыі. Кожны дзень  ад гэтых спартсменаў мы чакаем россып узнагарод, але на мінулым чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ яны, здаецца, здзівілі нават саміх сябе, заняўшы першае месца ў агульнакамандным заліку. Беларускія весляры заваявалі 14 узнагарод, з іх  6 залатых, а таксама па 4 сярэбраныя і бронзавыя. Па колькасці медалёў  гэта лепшы вынік у нашай гісторыі. І што яшчэ больш важна, на чэмпіянаце свету нашы весляры здолелі выйграць 11 Алiмпiйскiх ліцэнзій. Шанец павялічыць гэту колькасць яшчэ будзе. Пакуль жа нашу каманду адразу пасля прылёту віншавалі ў Нацыянальным аэрапорце. Трыумфатараў сустракала наш карэспандэнт Алена Гарэльчык. 

У ВІП-зале аэрапорта цярпліва чакалі рэйс з Венгрыі, пазіраючы на табло, якое паведамляла аб двухгадзіннай затрымцы. Журналісты сустракалі весляроў. Маленькі Эльдар - маму. Марына Літвінчук - адна з галоўных гераінь венгерскага форуму. Два золата і бронза, што яшчэ больш  важна,  байдарка-чацвёрка з ёй у складзе прынесла чатыры ліцэнзіі. Яшчэ столькі ж на рахунку байдарачнікаў-мужчын, тры заваявалі нашы канаісткі. Жаночае каноэ, дарэчы, дэбютуе на Гульнях у Токіа. 

Сёння Мікіта Борыкаў з усмешкай успамінае секунды свайго фінішу. Але апошні месяц падрыхтоўкі быў не такім ужо і радасным. Мэта  - рэванш за Еўрапейскія гульні. На чэмпіянаце свету наша жаночая байдарка-чацвёрка змагалася за золата з венгеркамі. Калі беларускі выступалі на розных дыстанцыях, то іх саперніцы засяродзіліся толькі на адной. Больш свежыя і нястомленыя венгеркі пры каласальнай падтрымцы родных трыбун ізноў выйгралі. Нашы рэванш адклалі  да Гульняў у Токіа.

У агульнакамандным заліку чэмпіянату свету без уліку медалёў паралімпійцаў беларусы  першыя. Столькі ж узнагарод у немцаў, але па колькасці серабра яны саступаюць. Наперадзе ў нашай каманды яшчэ два ліцэнзійныя старты. У пачатку верасня  перадалімпійскі тыдзень у Токіа.