12 верасня Раўбічы прымуць Гонку легенд

19 августа 2015

Свен Фішэр, Халвард Ханеволд, Хелена Экхальм, Сімона Хаўсвальд. Яшчэ некалькі гадоў таму яны грымелі на ўвесь свет. Заваёўвалі алімпійскія медалі і перамагалі на чэмпіянатах свету. Легенды біятлона рыхтуюцца да паездкі ў Беларусь. 12 верасня Раўбічы прымуць унікальнае спаборніцтва - Гонку легенд. 20 спартсменаў правераць, хто пасля завяршэння кар'еры ў лепшай форме?

Ці сур'ёзна яны падышлі да падрыхтоўкі - ведае Павел Капуцкі. Халвард Ханеволд і Свен Фішэр разлютавана б'юцца за алімпійскія медалі. Гэта Турын, 2006 год. Немец заваяваў на італьянскіх гульнях тры медалі. Нарвежац - два. Менш, чым праз месяц яны абодва будуць у Беларусі на гонцы легенд.

Дзесяць жанчын і дзесяць мужчын. Алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету прабягуць спачатку суперспрынт. Затым - эстафету. У перапынку аўтограф-сесія і фота з балельшчыкамі.

Дыстанцыя суперспрынта - ледзь больш за тры кіламетры. Адрэзак невялікі, але, калі разлічваць на прызавую тройку, то прайсці яго трэба вельмі хутка. Уладальніца вялікага крыштальнага глобуса Хелена Экхальм ужо прыступіла да трэніровак. А за ёй і іншыя зоркі - удзельнікі гонкі легенд.

У Алены Зубрылавай часу на падрыхтоўку амаль няма. Чатырохразовая чэмпіёнка свету сёння працуе ў Федэрацыі біятлона Беларусі і амаль увесь час праводзіць у офісе на вуліцы Карла Маркса ў Мінску. Але гэта не падстава адмаўляцца ад гонкі легенд.

Алена Зубрылава - лепшая біятланістка Беларусі мінулых гадоў. Гераіня сучаснасці - Дар'я Домрачава - выступае ў ролі аднаго з арганізатараў Гонкі легенд і таксама будзе ў Раўбічах.

Пакуль у галоўным біятлонным спарткомплексе зацішша. Беларускія спартсмены зараз на замежных зборах. Зараз тут прасцей знайсці расійскіх біятланістаў або лыжнікаў.

Дзіцячы гарадок, спартыўная пляцоўка і атракцыёны для дарослых. Усё гэта 12 верасня будзе ў Раўбічах. Але ў цэнтры ўвагі апынуцца менавіта лыжнікі, якія страляюць. Дарэчы, калі вывучыць біяграфію кожнага з удзельнікаў, стане зразумела: усе яны завяршылі кар'еру не менш як тры гады таму.

І гэта не супадзенне, а патрабаванне арганізатараў. Дзеючым прафесіяналам сюды нельга. Білеты на Гонку легенд ужо ў продажы. Іх кошт ад 30 да 50 тысяч рублёў. Набыць квіткі можна, у тым ліку, і ў Інтэрнэце. Сродкі пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.