11 медалёў чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху ў нашых спартсменаў

20 апреля 2016

Не проста ўзнагароды, а пераадоленне саміх сябе. Беларускія спартсмены прывезлі з Польшчы 11 медалёў пятага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод інвалідаў па слыху. Зараз каманда рыхтуецца да наступных выступленняў пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Беларусі Вячаслава Іскакава. Развіццю інваспорту ў нашай краіне ён прысвяціў больш як 20 гадоў. Юлія Токар пабывала на трэніроўцы па лёгкай атлетыцы.

Ён скончыў будаўнічае вучылішча ў Казахстане, стаў чэмпіёнам зборнай па боксе сярод моладзі. А затым трапіў у Мінск - адслужыў у арміі, пасля чаго вырашыў тут застацца. Сёння Вячаслаў Іскакаў - заслужаны трэнер Беларусі па лёгкай атлетыцы. Вось ужо 33 гады ён самааддана працуе ў тым ліку і са спартсменамі з асаблівасцямі развіцця - трэніруе інвалідаў па слыху. Менавіта дзякуючы яму ў нашай краіне і з'явіліся спецыялізаваныя групы інваспорту.

Вячаслаў Іскакаў, заслужаны трэнер Беларусі па лёгкай атлетыцы: "Я пачынаў працаваць з асобнымі спартсменамі. Яны да мяне прыйшлі. Напісалі мне на паперцы: "Хочам трэніравацца". І адначасова я пачаў працаваць са здаровымі хлопцамі, якія ў мяне выступалі і адначасова гэта былі два спартсмены - глухія".

Першыя навучэнцы Іскакава - інваліды па слыху - адразу паказалі вынікі. Абодва сталі чэмпіёнамі Саюза ў забегах на 800, паўтары тысячы метраў, і нават на дыстанцыі тры кіламетры з перашкодамі. Паступова на еўрапейскія спаборніцтвы пачалі выстаўляць асобныя каманды, якія таксама займалі прызавыя месцы.

Леанід Мацаральнік, старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце: "У нашай краіне надаецца годная ўвага інваліднаму спорту. У Міністэрстве спорту створана нацыянальная каманда па інваспорце. На добрым узроўні знаходзіцца развіццё фехтавання на інвалідных калясках. Ёсць моцныя спартсмены ў дзюдо. Дзе ў нас ёсць таксама лідар у сусветным спорце. Мы збіраемся выступіць у праграме па лёгкай атлетыцы. Летась каманда па лёгкай атлетыцы заняла другое месца ў свеце. І вялікая ў гэтым заслуга Вячаслава Іскакава".

А за кожнай перамогай стаяць шматгадзінныя трэніроўкі і пастаянная псіхалагічная праца. Марафоны па лясных дарогах, сілавыя практыкаванні і скачкі ў спартыўным манежы - заняткі па некалькі разоў на тыдзень.

Падчас двухгадзіннай трэніроўкі - акцэнт на кароткія дыстанцыі, каб спартсмену развіць хуткасць. Акрамя таго, такая размінка дазваляе павялічыць і спецыяльную трываласць.

Як адзначае сам трэнер, поспех - у індывідуальным падыходзе. Працаваць з людзьмі, пазбаўленымі слыху, не заўсёды проста.

На пятым чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод інвалідаў па слыху зборная Беларусі заваявала 11 медалёў. Залатыя, сярэбраныя, бронзавыя - для спартсменаў гэта не проста ўзнагарода за выступленне, а пераадоленне саміх сябе. Зараз лёгкаатлеты рыхтуюцца да гарачага ва ўсіх сэнсах ліпеня - у Балгарыі пройдзе чэмпіянат свету, а ў Германіі - чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў.