10 медалёў на хатнім этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы

7 августа 2017

Зборная Беларусі трыумфальна завяршае хатні этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Нашы спартсменкі паднімаліся на п'едэстал 10 разоў і двойчы з іх па залатыя ўзнагароды. Тры насычаныя дні спаборніцтваў, а ў фінале грандыёзны гала-паказ. Як гэта было - раскажа Крысціна Камыш.

На 72 гадзіны Мінск стаў сусветнай сталіцай мастацкай гімнастыкі. На сталічным этапе Кубка планеты выступілі 106 грацый з 21 краіны. Тут былі найлепшыя. Каманды прыехалі праверыць сілы перад чэмпіянатам свету. Таму беларускія медалі каштоўныя ўдвая.

Ірына Ляпарская, галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы:

"10 медалёў і 2 з іх залатыя - гэта галоўны вынік. Колькі людзей рыхтавала гэты Кубак свету. Я рада кожнаму выніку кожнай гімнасткі. І усе засталіся задаволеныя і лічаць, што спаборніцтвы прайшлі справядліва. Мы выходзім на фінішную прамую. У нас засталіся яшчэ некаторыя моманты, якія мы ўжо абмеркавалі, а заўтра прыйдзем іх выпраўляць".

Лідар зборнай Кацярына Галкіна ў мнагаборстве стала бронзавым прызёрам, трэцяе месца ў практыкаванні з абручом і золата з мячом. Зараз яна марыць аб сусветным п'едэстале.

Генеральны сакратар міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Андрэ Гайсбулер у Мінску не ўпершыню. Яго ацэнка беларускаму этапу – выдатна.

Андрэ Гайсбулер, генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі:

"Арганізацыя на вышэйшым узроўні. Усе адчувалі сябе як дома! Мы шануем вашу дружалюбнасць. Усё было зроблена якасна: спаборніцтвы, трэніроўкі. Валанцёры добра спрацавалі. Можна было лёгка атрымаць дапамогу па любым пытанні. Магу толькі павіншаваць з такім поспехам этапа”.

Зала была поўная. Балельшчыкі падтрымлівалі спартсменак, беларусак, праўда, больш актыўна. Завяршылася свята жаноцтва, грацыі і прыгажосці грандыёзным гала-паказам.

Адпачываць беларускім гімнасткам некалі - ужо на гэтым тыдні нашы мастачкі адправяцца на этап Кубка свету ў Казань. Гэтыя спаборніцтвы стануць кантрольнымі перад чэмпіянатам свету ў Італіі, які пройдзе напрыканцы жніўня - пачатку верасня.