10 медалёў! Зборная Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ паказала фантастычны вынік на II Еўрапейскіх гульнях

27 июня 2019

Задача выканана з вялікім запасам. Беларускія весляры трыумфальна выступілі на хатніх Еўрапейскіх гульнях. Каманда заваявала 10 медалёў, у тым ліку 5 вышэйшай пробы. Да старту Гульняў трэнерскі штаб назваў план у 5 узнагарод.

Падтрымліваў беларусаў у гэты важны дзень і Кіраўнік дзяржавы. За нашых спартсменаў Аляксандр Лукашэнка разам з балельшчыкамі перажываў на трыбуне. А пахвалявацца сапраўды давялося. Дадатковыя нязручнасці даставілі  ўмовы надвор’я: моцны сустрэчны вецер і лівень. Але нават гэта не перашкодзіла нашым веслярам паказаць годны вынік. Ложа, у якой Аляксандр Лукашэнка хварэў за спартсменаў, ператварылася ў сапраўдную фан-зону. Разам з Прэзідэнтам балельшчыкі перажылі цэлы спектр эмоцый: захапленне, слёзы радасці. І гэта па-сапраўднаму вышэйшы клас.  Трымалі кулачкі за нашых усе ад малога да вялікага. Усеагульная эйфарыя сапраўды сцірае межы. Затое зараз мы дакладна ведаем, што знакаміты шакалад брэнда "Прэзідэнт" у Кіраўніка дзяржавы ёсць з сабой для любога выпадку. Такая нефармальная атмасфера стала і сапраўднай журналісцкай удачай для прадстаўніка польскага агенцтва друку. Яму не толькі ўдалося паціснуць руку беларускаму Прэзідэнту, але і ўзяць інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі. Наступныя Еўрапейскія гульні як раз прымае Польшча. І мы ўсяляк падтрымліваем  нашых суседзяў. 

Пасля завяршэння спаборніцтваў Кіраўнік дзяржавы пагутарыў са спартсменамі беларускай зборнай. Нашы залатыя ва ўсіх сэнсах юнакі і дзяўчыны самі прыйшлі ў ложу да Кіраўніка дзяржавы! І тут таксама не абышлося без эмоцый. Не сціхалі шматлікія віншаванні і гутаркі аб тым, як верылі ў іх перамогу. На памяць аб гэтым яркім дні Аляксандр Лукашэнка ўручыў спартсменам падарункі, але лепшым і для Кіраўніка дзяржавы, і для нас, балельшчыкаў, сталі, вядома, яркія моманты іх трыумфальнага поспеху.

Сёння беларускі гімн гучаў у Заслаўі 4разы! Па золата паднімаліся Вольга Худэнка - байдарка-адзіночка на 500 метраў, Марына Літвінчук у байдарцы на 5 кіламетраў. Абедзве дзяўчыны сталі двухразовымі чэмпіёнкамі Еўрапейскіх гульняў! Таксама з золатам абедзве каноэ-адзіночкі на 200 метраў - мужчынская і жаночая - трыумфатары Арцём Козыр і Алена Наздрова. 

Яшчэ ў нашай зборнай два срэбры - у жаночай каноэ-двойцы на дыстанцыі 500 метраў - Надзея Макарчанка, Вольга Клімава, і на аналагічнай адлегласці ў байдарцы-чацвёрцы Маргарыта Махнева, Надзея Папок, Вольга Худэнка і Марына Літвінчук. Два бронзавыя медалі на рахунку Дзмітрыя Траццякова ў байдарцы-адзіночцы на 200 метраў, а таксама зноў на п'едэстал, гэтым разам на трэцюю прыступку, паднімаліся Вольга Худэнка і Марына Літвінчук.

Нагадаем, яшчэ два медалі весляры заваявалі ўчора. Марына Літвінчук і Вольга Худэнка ў байдарцы-двойцы на 500 метраў узялі золата, Алег Юрэня ў заездах байдарак-адзіночак на тысячу метраў стаў трэцім. Бліскучае выступленне весляроў на хатнім форуме!