100 дзён да пачатку зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане

31 октября 2017

Да старту Алімпіяды ў Пхёнчхане засталіся лічаныя дні. Менавіта сёння, за сто дзён да цырымоніі адкрыцця, агонь з Афінаў адправіўся ў сталіцу зімовых Алімпійскіх гульняў. Пра тое, колькі сёння ў нашых спартсменаў ліцэнзій і з кім звязаныя галоўныя надзеі беларусаў, ведае Андрэй Казлоў.

100 дзён да пачатку зімовых Алімпійскіх. 2018 кіламетраў эстафетнага агню, і галоўныя Гульні чатырохгоддзя будуць афіцыйна адкрытыя ў Пхёнчхане. Улады Паўднёвай Карэі ўжо аб'явілі аб тым, што ўсе алімпійскія аб'екты гатовыя прыняць гасцей. На сёння ў нашай краіны больш за 20 ліцэнзій.

Галоўныя надзеі звязаныя з біятлонам і фрыстайлам. Менавіта гэтыя віды спорту сёння раніцай адзначыў шэф беларускай алімпійскай місіі ў Пхёнчхане Аляксандр Баравуля.

Нагадаем, што ў Сочы гэтыя віды спорту прынеслі ў нашу скарбонку пяць залатых узнагарод і адну бронзавую.

2018 кіламетраў, і гэтую сімвалічную адлегласць алімпійскі факел пройдзе на тэрыторыі Паўднёвай Карэі. Пакуль жа полымя пераадолее восем з паловай тысяч кіламетраў на ўсход.

Алімпійскія гульні пройдуць з 9 па 25 лютага. Каля дзвюх з паловай тысяч спартсменаў будуць змагацца за алімпійскія ўзнагароды. Вядома ж, гэта і нашы атлеты. Пхёнчхан ужо гатовы прыняць гэтае грандыёзнае свята. Засталіся лічаныя дні.