У Мінску працягваецца мадэрнізацыя жылых будынкаў

21 ноября 2019
Ва ўсіх раёнах сталіцы план па выкананні капітальнага рамонту распісаны на некалькі гадоў наперад. Аднак спрэчныя пытанні паміж жыхарамі і камунальнымі службамі не перастаюць узнікаць. І з адным з такіх звярнуліся на нашу гарачую лінію. Гаворка пра так званае фрагментарнае ўцяпленне, выкарыстоўваць якое сталі сёлета. У новых правілах абнаўлення сталічных шматпавярховак разбіраўся Ілья Цвяткоў.

Валянціна Дабрыцкая вымушаная асвойваць прафесію цесляра, каб дадаткова ўцяпліць сваю кватэру да зімы. У адным з пакояў гаспадыня самастойна замацоўвае драўляныя панэлі да сцен, каб ноччу не мерзнуць. Цяпло не ўтрымліваецца, бо памяшканне прадзімаецца ветрам. Навокал - сырасць і цвіль.
Уцяпліць фасад 9-павярхоўкі па вуліцы Усходняй жыхары спадзяваліся падчас планавага капітальнага рамонту, які пачаўся ў ліпені. Аднак, згодна з вынікамі экспертызы, праведзенай падрадчыкам, будынак абавязковаму ўцяпленню не падлягае. Паводле слоў спецыялістаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, каб вырашыць праблему прамярзання сцен, дастаткова правесці рамонт стыкавых швоў паміж блокамі.
Аднак жыхары дома такім рашэннем незадаволеныя. Лічаць, што толькі рэстаўрацыя сцен ці так званая тэрмафутра засцеражэ будынак ад сырасці. 
Згодна з новымі правіламі, уцяпліць фасад можна толькі па прынцыпе 50 на 50. Палову аплачваюць самі ўладальнікі кватэр, палову - камунальныя службы. Аднак такія ўмовы не задавальняюць жыхароў дома. 
З гэтага года ў абавязковую праграму капрамонту ўваходзіць толькі фрагментарнае ўцяпленне сталічных шматпавярховак - выключна па выніках абследавання. Уцяпляюць найбольш праблемныя ўчасткі будынка. Ужо ў многіх дамах праведзена такая цеплавая мадэрнізацыя. 
Вось так выглядае частковае ўцяпленне фасада на вуліцы Аэрадромнай. Капрамонт гэтага дома фактычна завершаны. Уцяплілі толькі асобныя элементы пад вокнамі, пачынаючы з чацвёртага паверху, а таксама некаторыя пралёты. І, тым не менш, стопрацэнтна за бюджэтныя сродкі.
А тым часам капрамонт у 52-м доме па вуліцы Усходняй працягваецца. Завяршаецца рамонт даху, вядзецца замена электрыкі і камунікацый. Пытанне ўцяплення застаецца адкрытым.