Дайджаст падзей Магілёўскай вобласці

28 декабря 2019
Акрамя асноўных - навагодніх свят. Новы храм у Буйнічах. Свае "100 ідэй" для Беларусі прапанаваў усходні рэгіён. А яшчэ - урачыстая прысяга ў арміі і ўмацаванне энергетычнай бяспекі жыхароў Касцюковічаў. Насычаным выдаўся тыдзень для Магілёўскай вобласці. Усе падрабязнасці - у дайджасце падзей. 

У гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. У Буйнічах урачыста асвечаны новы храм. Ён стаў часткай мемарыяла, які нагадвае падзеі ліпеня 41-га, калі 23 доўгія дні гараджане разам з чырвонаармейцамі стрымлівалі нямецкую армію. І цаной свайго жыцця спынілі танкавую калону. Гісторыкі параўналі гэту абарону з Брэсцкай крэпасцю. У будаўніцтве святыні, якую назвалі ў гонар Іаана Хрысціцеля, дапамагалі мясцовыя жыхары. 

Свае праекты для конкурсу "100 ідэй для Беларусі" прапанавалі маладыя ініцыятары Магілёўскай вобласці. 32 ноу-хау, якія, на думку вынаходнікаў, павінны зацікавіць журы і выйграць грант на рэалізацыю. Напрыклад, аўтаматычная кармушка для хатніх жывёл, кіраваць якой магчыма з мабільніка. Кампрэсар ручной зборкі. Альбо - фільтр для мікрапластыка, каб збіраць яго з паверхневых вод. Распрацавалі чэрыкаўскія школьнікі. 

Паўтары сотні навабранцаў прынялі прысягу на вернасць радзіме у вайсковай часці 6713, легендарная гісторыя якой звязана з абаронай Брэсцкай крэпасці, аднаўленнем Магілёва пасля Вялікай Айчыннай вайны. Галоўнае прызначэнне гэтых ваенных - ахова правапарадку, размініраванне, тут працуе кіналагічны цэнтр. Служба абяцае быць цікавай. Маладое папаўненне прайшло курс пачатковай страявой падрыхтоўкі. Яна і ўпрыгожыла урачыстасць. 

Падарунак напярэдадні свята Новага года ўручаны жыхарам Касцюковічаў. Гэта новая кацельня. Раней цяпло для горада прыходзілася падаваць аж за 5 км - ад цэментнага завода. Аднак  зніжэнне страт не галоўны плюс. Новая кацельня стала першай у праграме інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму краіны. Тут усталяваны тры катлы, якія працуюць на прыродным газе, а таксама электрамагутнасцю 10 Мвт. Ён забяспечыць гарачай вадой жыхароў паўднёва-ўсходняга раёна летам. Новая кацельня разлічана на вытворчасць 65 тысяч гкал цяпла і цалкам забяспечыць ім райцэнтр.