Заява Прэзідэнта Беларусі ў сувязі з пачаткам мірнага працэсу па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу

6 сентября 2014
Сёння ўсе навінавыя стужкі мільгаюць загалоўкамі - пачатак мірнага працэсу ва Украіне. Паўднёвы ўсход упершыню за некалькі месяцаў спаў спакойна. І вось заява Кіраўніка беларускай дзяржавы ў сувязі з пачаткам мірнага працэсу па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.

У Беларусі з адабрэннем успрынята падпісанне 5 верасня 2014 года кантактнай групай - Украіна - Расія - АБСЕ - пратакола аб спыненні агню паміж варагуючымі сіламі на ўсходзе Украіны. Гэта доўгачаканая навіна ўсяляе хай і нясмелую, але надзею на ўсталяванне поўнага і беспаваротнага міру ў гэтым рэгіёне.

Канфлікт у блізкай для нас славянскай дзяржаве быў апошнім часам самым хвалюючым у міжнародным парадку дня. Бо пад пагрозу былі пастаўлены пытанні гарантавання не толькі рэгіянальнай, але і міжнароднай бяспекі. Без перабольшання можна сказаць, што вайна рэальна замаячыла на парозе нашага агульнага еўрапейскага дома.


Трэба аддаць належнае ініцыятывам і прапановам, у першую чаргу, прэзідэнтаў Украіны і Расіі. Менавіта дзякуючы іх прынцыповым дамоўленасцям на вышэйшым узроўні, дасягнутым у канцы жніўня на мінскай зямлі, быў пакладзены пачатак мірнаму працэсу. Фармат зносін Мытны саюз - Украіна - Еўрапейскі саюз дазволіў прыцягнуць да перагаворнага працэсу бакі, рэальна зацікаўленыя ў міры на ўкраінскай зямлі і ў Еўропе. Вельмі важнымі і своечасовымі былі і канкрэтныя прапановы прэзідэнта Казахстана па ўрэгуляванні канфлікту. Па-за ўсякім сумненнем, без настойлівых намаганняў лідараў вядучых дзяржаў Еўрапейскага саюза было б немагчыма дасягненне перамір'я ва ўсходніх раёнах Украіны.

Выключна важную ролю, вядома, адыграла кантактная група Украіна - Расія - АБСЕ ў складзе Леаніда Кучмы, Міхаіла Зурабава, а таксама прадстаўнікоў апалчэння і АБСЕ. Яна правяла сапраўды тытанічную працу і дасягнула згоды па пытаннях, вырашэнне якіх, здавалася, абсалютна немагчымым некаторы час таму. Праца кантактнай групы заслугоўвае шчырай падзякі і заахвочвання.

Гэта, дарэчы, адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі і АБСЕ адыграла менавіта тую ролю, для якой яна і стваралася, і зрабіла свой канкрэтны ўнёсак у гарантаванне рэгіянальнага міру і бяспекі.


Мы ганарымся тым, што пачатак гэтаму мірнаму працэсу быў пакладзены ў Мінску, на беларускай зямлі. Мы і надалей будзем рабіць усё магчымае ў імя міру ў братэрскай краіне. Нашы народы ўдосталь напакутаваліся ў войнах мінулага стагоддзя і не хацелася б, каб падобныя пакуты паўтарыліся і ў стагоддзі цяперашнім.

Сёння вестка аб дасягненні дамоўленасцяў аб спыненні агню паўсюль успрымаецца з радасцю і надзеяй. Але мы павінны добра разумець, што гэта толькі першы крок на доўгім і цяжкім шляху. Трэба будзе пераадолець яшчэ масу нечаканасцяў і перашкод, каб працэс мінскага міру стаў незваротным і беспаваротным.

Перакананы, што працу кантактнай групы варта прадоўжыць, магчыма, надаць ёй больш паўнамоцтваў і ўзняць яе ўзровень для паспяховага ўвасаблення ў жыццё ўсіх дасягнутых дамоўленасцяў.


Зараз трэба ўсім уцягнутым бакам спыніцца і задумацца... Задумацца аб будучыні краіны і народа. Не разбуральная вайна, а толькі мірная стваральная праца забяспечыць дабрабыт дзяржавы і простага чалавека.

Узброены братазабойчы канфлікт у роднай для нас Украіне застанецца цяжкім калецтвам на целе ўкраінскага народа. Але гэта паступова забудзецца. У памяці людзей застануцца тыя, хто здолеў павярнуць кола вайны ў бок міру!