Завод "Штадлер Мінск" у Фаніпалі нарошчвае вытворчасць

21 марта 2019

Рэалізацыя сумесных праектаў  са "Штадлер"  сур'ёзна павышае імідж Беларусі.  Працу завода ў Фаніпалі  Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка  абмеркаваў сёння з уладальнікам швейцарскай кампаніі. 

Рэалізаваны пад Мінскам інвестпраект Кіраўнік дзяржавы назваў паспяховым і  падзякаваў  Петэру Шпулеру  за тое, што адзін з заводаў канцэрна па выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі  размясціўся менавіта ў нашай краіне.  "У Беларусі стварылі сапраўды саліднае прадпрыемства", адзначыў Аляксандр Лукашэнка.  Дарэчы, "Штадлер Мінск"- самы сучасны завод швейцарскай сеткі кампаній, у якой 20 падраздзяленняў па ўсім свеце. За некалькі гадоў у беларускае прадпрыемства інвесціравалі каля 90 млн еўра. Сёння на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці абмеркавалі і новыя цягнікі для мінскага метро. 

Прадукцыя з канвеера ў Фаніпалі пастаўляецца не толькі на рынак ЕАЭС, як першапачаткова планавалася. Па словах Петэра Шпулера, збіраюць цягнікі для Нарвегіі, двухпавярховыя саставы для Венгрыі і Славеніі. Тут жа выпускаюць трамваі для Балівіі. Плануецца, што сёлета з канвеера ў Фаніпалі сыдуць каля 350 вагонаў. Гэта амаль трохразовы рост за год. 

Петэр Шпулер, старшыня адміністрацыйнага савета, уладальнік кампаніі "Штадлер рэйл Груп":

"Як уласнік "Штадлер" магу сказаць, што я ўражаны ўмовамі працы ў Беларусі. Гэта датычыцца і эканамічных умоў, і прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў. Гэта знак якасці для любой нацыянальнай эканомікі. Мы пачалі сваю працу тут сем гадоў таму ў чыстым полі. Мы стварылі сучасную вытворчасць, бадай, самую сучасную ва ўсёй групе кампаній "Штадлер", і на працягу пяці гадоў мы ўжо займаемся тут вытворчасцю. Той стандарт якасці, па якім мы працуем тут, абсалютна адпавядае нямецкаму або швейцарскаму. Тут вельмі добра падрыхтаваныя, добра адукаваныя супрацоўнікі. Дзякуючы гэтаму мы можам выходзіць не толькі на беларускі, але і на глабальны рынак".

На думку  Петэра Шпулера, Беларусь  вельмі прывабная краіна для замежных інвестараў, і пры любой магчымасці ён рэкламуе нас у якасці вытворчай пляцоўкі. Так па рэкамендацыі кіраўніка "Штадлер" бельгійскі інвестар абмяркоўвае з беларускім бокам сумесны праект у сферы вытворчасці і продажу ўгнаенняў.  

Акрамя таго, Петэр Шпулер праанансаваў планы па супрацоўніцтве з асіповіцкім заводам. "Штадлер" акажа садзейнічанне Беларусі ў продажы на рынкі Заходняй Еўропы грузавых вагонаў айчыннай вытворчасці. Першыя перамовы ўжо адбыліся.