Завяршыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан

24 июня 2016

Самалёт Кіраўніка дзяржавы вылецеў з міжнароднага аэрапорта Ташкент. Графік Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістане быў вельмі насычаны. Прэзідэнт выступіў на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама правёў шэраг двухбаковых перамоў на вышэйшым узроўні.

Звяртаючыся з прамовай да кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што наша краіна мае намер актыўна ўдзельнічаць у працы гэтага аб'яднання па ўсіх кірунках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Сёння Беларусь гатова стаць надзейным "палявым гульцом" на прасторы арганізацыі і зрабіць важкі ўнёсак у яе працу.

Развіццю супрацоўніцтва з Азіяцкім рэгіёнам Беларусь надае найважнейшае палітычнае і эканамічнае значэнне. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, менавіта эканамічная кааперацыя павінна стаць магістральным кірункам узаемадзеяння ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. А ў лік важных арыенціраў фарміравання эканамічнай палітыкі арганізацыі павінна ўвайсці ўзаемадзеянне з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - падпісалі мемарандумы аб атрыманні Індыяй і Пакістанам статусу членаў арганізацыі. Акрамя гэтага, бакі прынялі Ташкенцкую дэкларацыю і план дзеянняў аб'яднання на пяць гадоў.