Завяршыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты

9 ноября 2019
Кіраўнік дзяржавы правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам краіны. Аб гатоўнасці ўмацоўваць беларуска-эмірацкае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах гаварылі з віцэ-прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, кіраўніком Дубая. Абмяркоўваліся перспектыўныя праекты ў транспартна-лагістычнай і фінансавай сферах. Адзін з іх прадугледжвае стварэнне ў Мінску з дапамогай эмірацкага боку  Міжнароднага фінансавага цэнтра.
 

Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч і перамоў у ААЭ


Аб тым, што Мінск і Абу-Дабі ўзмоцняць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, банкаўскай справе, лагістыцы і гуманітарнай сферы, стала вядома па выніках перамоў нашага Прэзідэнта  са Спадчынным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ  шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. Акрамя таго, на сустрэчы з саветнікам па нацыянальнай бяспецы Эміратаў  шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам  Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём у гэтай краіне сферы штучнага інтэлекту і магчымым супрацоўніцтвам у гэтым плане.

Напярэдадні завяршэння візіту беларускі лідар наведаў у Абу-Дабі вялікую мячэць імя шэйха Заіда. Кіраўнік дзяржавы аддаў даніну памяці першаму Прэзідэнту Арабскіх Эміратаў. У цэлым перамовы пацвердзілі імкненне Мінска і Абу-Дабі нарошчваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, а таксама  працаваць над перспектыўнымі сумеснымі праектамі.