Завяршыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет

16 января 2017

Некалькі гадзін таму самалёт Кіраўніка дзяржавы вылецеў з каірскага міжнароднага аэрапорта. Ля трапа самалёта Аляксандра Лукашэнку праводзіў Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі.

Сёння беларускі лідар правёў перамовы з Прэм'ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам, на якіх была адзначана важнасць умацавання двухбаковых адносін у эканамічнай і палітычнай сферах. У найбліжэйшы час міжурадавая камісія распрацуе дарожную карту развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі.

Шэрыф Ісмаіл, Прэм'ер-міністр Егіпта:

"Я рады сустрэчы з Вамі, спадар Прэзідэнт. Я думаю, што ўчарашнія перамовы з кіраўніком нашай дзяржавы былі вельмі паспяховымі ва ўсіх адносінах. Спадзяёмся, што Ваш візіт заложыць аснову для больш цеснага супрацоўніцтва ў эканамічнай і палітычнай сферах. У прыватнасці, мы спадзяёмся на развіццё ўзаемадзеяння ў вытворчасці мэблі, сельскай гаспадарцы, ачыстцы вод. Калі вы не супраць, мы на працягу двух тыдняў створым рабочую групу і накіруем яе ў Беларусь для вывучэння магчымасцяў супрацоўніцтва ў гэтых галінах".

Для афіцыйнага Мінска  Каір - не толькі найважнейшы палітычны і эканамічны партнёр у Паўночнай Афрыцы, але і апорны пункт на ўсім кантыненце. Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет і сустрэчы з яго лідарам стварылі добрую платформу для пашырэння двухбаковага партнёрства. Сёння кіраўнікі дзяржаў правялі другі раўнд перамоў - спачатку сам-насам, а пасля ў прысутнасці дэлегацый на маштабнай выставе беларускай тэхнікі. Экспазіцыю арганізавалі ў рамках беларуска-егіпецкага дзелавога форуму. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся зрабіць узаемнае супрацоўніцтва больш паўнаважкім і выніковым.

У беларуска-егіпецкім бізнес-форуме прынялі ўдзел каля 500 кампаній. Заключаны кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў. На адкрыцці дзелавога кангрэса выступілі і прэзідэнты дзвюх краін. Звяртаючыся да егіпецкіх бізнесменаў, Аляксандр Лукашэнка распавёў аб канкурэнтных перавагах Беларусі. Паводле слоў Прэзідэнта, перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва.

У гэты ж дзень Прэзідэнт Беларусі правёў сустрэчу са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэлем Алемам. Пасля картэж беларускага лідара адправіўся ў аэрапорт.