Завяршыўся візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Італію і Ватыкан

21 мая 2016

Борт №1 вечарам прызямліўся ў мінскім аэрапорце. Гэтаму папярэднічаў насычаны перагаворны дзень у Ватыкане. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Папам Рымскім Францыскам. Перамовы праходзілі ў зале Папскай бібліятэкі ў Апостальскім палацы, дзе звычайна прымаюць высокіх гасцей. Аб развіцці адносін Беларусі і Рымска-каталіцкай царквы - справах зямных і духоўных - Аляксандр Лукашэнка і Пантыфік Францыск гаварылі сам-насам. Падобныя погляды і жыццёвыя прынцыпы, запрашэнне сустрэцца на беларускай зямлі, абмен падарункамі і цёплымі словамі. Нягледзячы на тое, што сустрэча праходзіла па строгім дыппратаколе, бакі адзначылі асаблівую дружалюбную атмасферу. Ужо пасля Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дзяржсакратаром Ватыкана П'етра Паралінам, наведаў выставу беларускіх абразоў і пагутарыў з прадстаўнікамі СМІ. 

Расказвае Наталля Брэвус.

Другі дзень візіту беларускага Прэзідэнта на італьянскай зямлі праходзіць пад знакам Святога прастола. За саборам святога Пятра пачынаецца Ватыкан. Нягледзячы на свае невялікія памеры, Ватыкан - уплывовая і ў духоўным, і ў палітычным сэнсе дзяржава.

Аляксандра Лукашэнку вітаюць у парадным двары святога Дамаса. У гонар высокага госця пастроена ганаровая варта ватыканскай швейцарскай гвардыі. Каларытныя гвардзейцы паўсюль у Апостальскім палацы. Зрэшты, гэта абстаноўка Прэзідэнту знаёмая. У 2009 Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з папярэднікам цяперашняга Пантыфіка Бенядзіктам 16. Беларускую дэлегацыю суправаджаюць джэнтльмены папскага двара.

Папа Рымскі сустракае Аляксандра Лукашэнку ля ўвахода ў бібліятэку, дзе традыцыйна вітае сусветных лідараў і вышэйшых рэлігійных іерархаў. Дарэчы, за ўсю гісторыю папства - а пантыфікаў было 265, апроч цяперашняга, - упершыню кардынал з Аргенціны, абраны на гэту пасаду, узяў сабе ў якасці афіцыйнага імя Францыск.

Было прыкметна, што перамовы весці лёгка. Аляксандру Лукашэнку шмат у чым імпануе пазіцыя Папы - клопат пра бедных, барацьба з карупцыяй. З прыходам Францыска ўпершыню банк Ватыкана апублікаваў гадавую справаздачу. Зносіны тэт-а-тэт доўжыліся каля паўгадзіны. Пасля гэтага ў прысутнасці дэлегацый у беларускага Прэзідэнта і Пантыфіка быў час абмяняцца падарункамі. Яны аб'ядналі ў сабе духоўны сэнс і беларускую самабытнасць. На памяць Пантыфіку застанецца копія крыжа Ефрасінні Полацкай. Беларуская рэліквія зроблена з дапамогай унікальнай тэхнікі разьбы па дрэве. Такім чынам выканана і мадэль папскай карэты.

Напэўна, кіраўніку Рымска-каталіцкай царквы часта падносяць у дарунак абразы. Ад беларускага Прэзідэнта - галаграфічная выява.

У адказ Папа Францыск падарыў беларускаму Прэзідэнту тры напісаныя ім дакументы і выяву аліўкавага дрэва. Усім вядома, што яно з'яўляецца сімвалам міру. Гэтым Пантыфік як бы падкрэслівае мірную місію невялікай Беларусі ў цэнтры Еўропы.

Развітанне было цёплым. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Пантыфіку заўсёды рады ў Беларусі. Стала зразумела, што магчымасць візіту абмяркоўвалася падчас асабістых зносін. Гэта пацвердзіў журналістам і Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы сустрэчу.

Пасля гістарычнай сустрэчы Пантыфіка і патрыярха на Кубе, іерархі не выключылі, што прадоўжаць дыялог. Лагічна, калі гэта будзе ў Беларусі, гаворыць Аляксандр Лукашэнка. Краіна, дзе мірна жывуць прадстаўнікі амаль 30 канфесій, унікальнае месца.

Гэтыя перамовы ў Ватыкане былі запланаваны даўно, але ў кулуарах Апостальскага палаца абмяркоўвалі, што час для сустрэчы падабраны ідэальна. Яна праходзіць на фоне ўмацавання пазіцыі афіцыйнага Мінска ў свеце. Ідэальным не назавеш становішча ў рэгіёне. Яго абмяркоўвалі Пантыфік і Прэзідэнт.

Усё часцей гавораць аб тым, што менавіта крызіс духоўнасці і веры прыводзіць да канфліктаў і войнаў. Напэўна таму Папа Францыск аб'явіў Год міласэрнасці. Любоў да блізкага, спачуванне, талерантнасць, духоўнасць - не проста высокія словы, а аснова добрых адносін людзей і народаў. Уся духоўнасць беларусаў сёння і ў самім сэрцы Ватыкана. Упершыню тут выстаўляюцца беларускія абразы, якія шануюцца і праваслаўнымі, і католікамі. Яна адкрылася некалькі дзён таму, але ў наведвальнікаў знакамітых ватыканскіх музеяў, штогод іх наведвае амаль 5 мільёнаў турыстаў, вялізная цікавасць.

Спецыяльна для беларускіх абразоў пад шклянымі вітрынамі вызвалілі месца. Экспазіцыю наведаў і беларускі Прэзідэнт. Гэтыя абразы прайшлі вялікую рэстаўрацыйную падрыхтоўку. Экспазіцыя па суседстве з Сікстынскай капэлай абавязвае. Разлічваюць, што гэта толькі першы крок да супрацоўніцтва музейных экспертаў і новых маштабных праектаў.

Наведваючы музейную экспазіцыю, Аляксандр Лукашэнка спыніўся, каб паслухаць выступленне хору Усіхсвяцкага прыхода з Мінска. "Аве Марыя" ў гэтых сценах гучала вельмі гарманічна.

Прэзідэнт так прасякнуўся выкананнем і быў расчулены, што не ўтрымаўся і папрасіў выканаўцу захоўваць у сябе папскі медаль, які крыху раней Пантыфік уручыў Прэзідэнту.

Саліравала ў хоры Патрыцыя Курганава. Вядомая тым, хто сочыць за музычным праектам "Голас". Зараз гэты памятны медаль стане яе талісманам.

У ватыканскіх музеях Кіраўніка беларускай дзяржавы суправаджаў дзяржсакратар Святога прастола. П'етра Паралін - другая асоба ў Ватыкане. Кардынал узначальвае адміністрацыю гэтай дзяржавы. Гэта падобна пасадзе прэм'ера. Крыху раней яны змаглі правесці перамовы.

П'етра Параліна называюць самым маладым дзяржаўным сакратаром Святога прастола за апошнія 50 гадоў. Менавіта ён год таму асвяціў камень пры будаўніцтве Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Гэта дыппрадстаўніцтва Ватыкана. Што таксама паспрыяе дыялогу дзяржаў.

Дарэчы, калі гаварыць пра рух у міждзяржаўным супрацоўніцтве, то гэты візіт беларускага Прэзідэнта на Апеніны паспрыяе ўздыму беларуска-італьянскіх адносін. Напярэдадні перамовы прэзідэнтаў краін цягнуліся даўжэй, чым было запланавана пратаколам.

Да гэтага рабочага візіту беларускага Прэзідэнта ў Італію і Ватыкан сапраўды было прыкавана вялікая ўвага. Усё ж першы пасля халаднаватай паўзы з Еўрасаюзам. Але афіцыйны Мінск які раз пацвердзіў, што ў любым выпадку не схільны да канфрантацыі, а паслядоўна вядзе мірную палітыку і заўсёды гатовы да дыялогу.