Завяршыўся трохдзённы рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай

4 сентября 2015

Напярэдадні ў Пекіне прайшоў ваенны парад да 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай. На гэта грандыёзнае мерапрыемства нараўне з лідарамі найбуйнейшых сусветных дзяржаў быў запрошаны і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. За варотамі павільёна "Дуаньмэнь" беларускага лідара прывітаў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Затым кіраўнікі дзяржаў прайшлі на трыбуну, адкуль назіралі за маляўнічым дзействам. Упершыню з кітайскімі салдатамі і афіцэрамі па галоўнай плошчы Пекіна прайшлі ваенныя з дзясяткаў краін свету, у тым ліку і рота ганаровай варты Беларусі.

Нагадаем, перад сваім рабочым візітам у КНР Прэзідэнт Беларусі даў інтэрв'ю найбуйнейшай кітайскай газеце "Жэньмінь жыбаа". Эксклюзіўны матэрыял выданне апублікавала напярэдадні. У інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы заявіў, што любыя спробы перапісаць гісторыю асуджаны на правал. Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэты і прынцыпы Статуту ААН павінны заставацца непарушнымі.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў народу КНР мірнага неба і пабудовы квітнеючай дзяржавы на аснове якаснага росту эканомікі і дабрабыту грамадзян. У інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што ў асобе беларусаў кітайскі народ мае самых надзейных і верных сяброў.