Завяршыўся рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай

11 июня 2018

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Таксама на палях саміту адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч, у тым ліку са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. З моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь. Гэты тэзіс Аляксандра Лукашэнкі падкрэслівае ўзаемную цікавасць да паглыблення супрацоўніцтва паміж краінамі. Таксама Прэзідэнт павіншаваў кітайскі бок з завяршэннем старшынства ў арганізацыі і адзначыў, што саміт стаў па-сапраўднаму знакавай падзеяй.

Па выніках перамоў лідараў Беларусі і Кітая стала вядома, што краіны ўводзяць бязвізавы рэжым. У цэлым пакет пагадненняў, дасягнутых у Цындаа, беларускім бокам ацэньваецца ў паўтара мільярда долараў. У той жа час высокай адзнакі ўдастоены і глабальныя прапановы нашай краіны па пашырэнні напрамкаў супрацоўніцтва ў вялікай Еўразіі. Сярод беларускіх ініцыятыў форуму і стварэнне IT-экасістэмы - арганізацыі, якая аб'яднае магчымасці электронных СМІ, сацыяльных сетак і электроннага гандлю. Таксама Аляксандр Лукашэнка прапанаваў задзейнічаць магчымасці Беларусі для ўмацавання харчовай бяспекі Еўразійскага рэгіёна.